Вы тут

"Тэмпература ў нас добрая": рабочыя заводаў скардзяцца на холад, "якога няма"

Работнік беларускага завода па версіі дэструктыўных тэлеграм-каналаў

Ад 20-градусных маразоў, здаецца, адвыклі не толькі шараговыя беларусы, але і суровыя беларускія завадчане. Ужо другі дзень у сацсетках можна ўбачыць скаргі рабочых розных прадпрыемстваў на холад у цэхах.

Сярод іх рабочыя МЗКЦ, якія сцвярджаюць, што "на ўчастках, дзе стаіць дарагое абсталяванне, тэмпература вышэй за 15 градусаў — гэта мінімальная тэмпература эксплуатацыі, а на некаторых участках і да дзесяці не дацягвае". Да гэтага паведамлення прыкладваецца і фота градусніка, на якім +8 градусаў.

Начальнік аховы працы МЗКЦ Леанід Казіміровіч у каментары Еўрарадыё паведамленне ў сацсетках называе няпраўдай:

— У нас тэмпература, скажам так, адпавядае санітарным нормам і правілам. Ад сябе магу дадаць: людзям дастаткова камфортна працаваць. А тое, чым вас інфармуюць, не адпавядае рэчаіснасці.

Еўрарадыё: Дык якая ў вас тэмпература ў цэхах?

Тэмпература ў нас добрая. А вас, шчыра скажам, падманваюць.

 

Фатаграфію тэрмометра, паказанні якога спыніліся на +2 градусах, нібыта зрабілі на мазырскім прадпрыемстве "Беларускабель".  

Старшыня прафкама Мікалай Чурыла абвяргае Еўрарадыё гэтую інфармацыю:

— Такой сітуацыі няма. У нас у рамонтна-механічным участку дапушчальная тэмпература, але ўсе атрымалі цёплую зімовую форму адзення. У астатніх цэхах і кабінетах заводакіраўніцтва тэмпература вышэй за 20. Ад саміх работнікаў ні адной скаргі не было.

Еўрарадыё: А дапушчальная тэмпература — гэта колькі?

— У цэхах — гэта +16–18. На рамонтна-механічным участку сітуацыя горшая: там +10–12, але там, па-першае, няма паветранай заслоны, а па-другое, там, дзе стаяць станкі, металічныя падлогі старыя — яшчэ з савецкіх часоў, на жаль. Плануем там нешта зрабіць, але пакуль няма фінансавых магчымасцяў. Але, паўтаруся, усе работнікі гэтага падраздзялення маюць цёплую зімовую вопратку і абутак".

 

 

А вось рабочыя Мінскага станкабудаўнічага завода сцвярджаюць, што тэмпература ў цэхах — мінус 12 градусаў! На відэа відаць, як у завадчан, якія спрабуюць разагрэць памяшканне невялікай "буржуйкай", ідзе пара з рота.  

Дазваніцца па каментар у Мінскі станкабудаўнічы завод за два дні ў Еўрарадыё не атрымалася: слухаўку ні па адным з нумароў, указаных на сайце, ніхто не бярэ. Ці то пазбягаюць нязручнай размовы, ці то ўсім прадпрыемствам грэюцца каля "буржуйкі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.