Вы тут

Тэмпература — 38,7: як беларуска выпрабоўвае расійскую вакцыну ад COVID-19

Кацярына Мінчанок / фота з сацсетак

У выпрабаваннях расійскай эксперыментальнай вакцыны ад каранавіруса Sputnik-V прымаюць удзел каля 40 тысяч расіян і 100 беларусаў. Прышчэпку ім зрабілі ў пачатку кастрычніка: камусьці ўкалолі сапраўдную вакцыну, камусьці дасталася плацэба.

23-гадовая Кацярына Мінчанок, якая ўдзельнічае ў выпрабаваннях, расказала Еўрарадыё пра сваё самаадчуванне і тое, як праходзяць даследаванні вакцыны.

Тэмпература — 38,7

— Ужо была першая вакцынацыя, цяпер будзе другі этап. Наогул, пра гэта не пішуць, але іх два. Да другога этапу дапускаюць толькі тых людзей, якія выпрацавалі антыцелы. Гэта значыць, тыя, хто на першым этапе атрымліваў плацэба, адсейваюцца, — расказвае Еўрарадыё Кацярына.

Гэта значыць, ужо ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада, калі пачнецца другі этап, Мінчанок будзе ведаць, уколвалі ёй вакцыну або плацэба. Зрэшты, гэта можна зразумець і па адчуваннях.

— Напрыклад, многія, хто праходзіць вакцынацыю, кажуць, што на працягу двух дзён узнікае тэмпература, трохі грыпозны стан. Але праз суткі, кажуць, праходзіць.

Самой Кацярыне пашанцавала менш: два дні ў яе трымалася тэмпература 38,7.

— Я праходзіла самую цяжкую стадыю, і доктар, вядома, турбаваўся вельмі моцна. Тэлефанаваў, даведваўся. Высветлілася, што я другі чалавек з такімі сімптомамі. Першы — з Расіі.

Пацыентка №1

Выпрабаванне вакцыны, па словах Кацярыны, працягнецца 180 дзён. Увесь гэты час яна і іншыя добраахвотнікі будуць заставацца пад наглядам дактароў.

— За гэты перыяд павінны выпрацавацца антыцелы. Я пыталася, колькі вакцына можа дзейнічаць, якія прагнозы... Дактары самі не ведаюць. На выпрабаваннях у тым ліку хочуць зразумець працягласць эфекту.

Кацярына падтрымлівае сувязь з іншымі вакцынаванымі, якіх ведае. Але іх зусім няшмат.

 
Кацярына са сваім маладым чалавекам / фота з сацсетак

— Да 30 верасня быў прыём заявак. Я чытала на сайце "Спутніка", там было напісана, што міністр аховы здароўя сказаў, што там некалькі тысяч было заявак і яны адабралі сто. Але такога быць не можа! Заяўкі апрацоўваліся да 30 верасня, а артыкул выйшаў 1 кастрычніка. Тым ста добраахвотнікам, якіх выбралі з некалькіх тысяч, трэба было як мінімум адзін раз наведаць доктара: першасны агляд, яшчэ да здачы аналізаў.

Я памятаю, мне патэлефанавалі ў суботу, у панядзелак я пайшла на першасны агляд, а ў пятніцу 9 кастрычніка мяне вакцынавалі. Былі я, мой малады чалавек Дзіма і яшчэ адзін хлопец. Павінна было быць шэсць чалавек, але тры чалавекі не падышлі, — успамінае суразмоўніца Еўрарадыё.

Дзяўчыну запісалі як "пацыента №1" і далі дзённік, дзе трэба апісваць свой стан.

Удзельнічаць у выпрабаванні вакцыны Кацярыне не страшна:

— Я ўзважыла ўсе рызыкі. І я не той чалавек, які будзе паддавацца паніцы або нелагічным меркаванням. У свеце ўсе баяцца рабіць прышчэпкі і, больш таго, да новых ставяцца з асцярогай. Але калі б не было ў свеце такіх прышчэпак, то ўсе б хварэлі на адзёр або слупняк. У прынцыпе смяротнасць была б вышэйшая без прышчэпак.

Плюс я лічу, што гэта даследаванне ідзе на карысць не толькі Беларусі або Расіі, а ўсяму свету. Каранавірус цяпер будзе з намі кожны дзень, на яго ўсе перахварэюць. Але ёсць людзі з групы рызыкі, якім патрэбна вакцынацыя, каб захаваць жыццё. А гэта вельмі важна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.