Таржкоў: Мне не падабаюцца хакейныя бойкі з халодным сэрцам!

Еўрарадыё: Ці паводзілі сябе хакеісты “Віцязя” так жа агрэсіўна падчас папярэдняга матча каманды, які прайшоў у славацкім Попрадзе супраць мясцовага “Ільва”?

Уладзімір Таржкоў: У Славакіі ў гульні “Віцязя” таксама былі інцыдэнты, звязаныя з агрэсіўнымі паводзінамі хакеістаў. Баявыя сутычкі былі на полі — Брэнан адзначыўся, Цімкін... Спачатку ўсё было мірна, гульня ішла на роўных. А потым, як “Віцязь” пачаў прайграваць, пайшлі сутычкі адна за адной, іх там некалькі запар было.

І вось што дзіўна: на мой погляд, “Леў” ніводнай сутычкі не праіграў, у тым ліку з удзелам Брэнана. Ён справакаваў канфлікт, але яго візаві хутка перавёў бойку ў партэр. Ён проста заваліў Брэнана з ног, і сапраўднай сутычкі не атрымалася! Тут падляцелі суддзі, а праціўнік у гэты час сядзеў на Брэнане, і атрымалася так, што баец "Віцязя" гэтую сутычку праіграў, не паспеўшы нават ударыць, хаця і хацеў гэтага. Цімкін сваю бойку ўвогуле праіграў цалкам. Мяне гэта вельмі здзівіла: “Леў” — гэта не байцовая каманда, але ніводнай сутычкі не праіграў…

Еўрарадыё: Праз некаторы час “Дынама” паедзе ў госці да “Віцязя”. Як вы лічыце, ці будзе “Віцязь” помсціць за свайго трэнера і за тое, што адбылося на “Мінск-Арэне”?

Уладзімір Таржкоў: Сітуацыя тут складаная. Але я амаль упэўнены, што гэтыя рашэнні — аб сутычках — прымаюцца трэнерамі "Віцязя" на халодную галаву. І я праціўнік такога разліку ў хакеі. Мяне такія прагматычныя падыходы да боек увогуле здзіўляюць. Здаецца, Назараў казаў, што Брэнана выпусцілі адмыслова дзеля таго, каб стварыць пераканаўчае пасланне на наступную гульню... Зразумела, “Віцязь” быў незадаволены вынікам і, хіба, хацеў трошачкі напалохаць.

Еўрарадыё: Значыць, усё залежыць не ад таго, у якім каманда будзе настроі, не ад эмоцый хакеістаў, а ад таго, якую ўстаноўку на гульню трэнерскі штаб палічыць патрэбнай?

Уладзімір Таржкоў: Калі “Віцязь” гуляў з “Авангардам”, і ўсе чакалі на адказ, і меркавалі, што будзе вельмі жорсткая гульня. Але ўсё атрымалася наадварот: гульня была далікатная, толькі што не ласкавая. Так што “Віцязь”, калі трэба, умее гуляць у хакей. Ён паказаў гэта ў матчах з расійскімі камандамі, вельмі моцнымі ў мінулым годзе. Вельмі прыстойна згуляў сёлета і з “Салаватам Юлаевым”, і з “Ак Барсам”. Але, калі ёсць устаноўка на тое, што “Віцязь” у нас самая агрэсіўная і самая сілавая каманда ў КХЛ, хакеісты выконваюць адпаведныя задачы.

Што да наступнага матча з “Дынама” — усе разумеюць, што калі тыя ж самыя людзі ізноў палезуць у бойку і будуць чапляцца да мінскіх хакеістаў, — яны атрымаюць ад суддзяў сваё. Будуць, карацей, сядзець на лаўцы штрафнікоў болей, чым гуляць. Пяць, дзесяць ці больш хвілінаў — у залежнасці ад учыненага на пляцоўцы.

Еўрарадыё: Матч “Дынама” — “Віцязь” атрымаўся надзвычай відовішчным дзякуючы менавіта гэтаму апошняму эпізоду, калі за 10 секунд у гульні здарыліся дзве бойкі. Шмат хто лічыць, што  такія сутычкі ўпрыгожваюць хакей. А якое ваша меркаванне на гэты конт?

Уладзімір Таржкоў: Я зараз буду гаварыць не як афіцыйная асоба, а проста як чалавек. Як чалавек, які больш за 50 гадоў сам правёў на лёдзе і які мае свае, прыватныя погляды на гэта. Дык вось, я ў сваім стаўленні кансерватар. Вымушаны прызнацца, што досыць часта, асабліва ў маладыя гады, я і сам на пляцоўцы біўся. Бо немагчыма гуляць у хакей і ўвогуле не біцца з сапернікамі на пляцоўцы. У часе гульні ўзнікаюць такія абставіны і сітуацыі, калі, напрыклад, трэба абараніць варатара, або абараніць сябе і адказаць агрэсару. На жаль. І вось мне здаецца, што калі сутычкі і здараюцца, дык яны павінныя быць матываваныя. А не падабаюцца мне сутычкі, як кажуць, з халодным сэрцам. Калі бойка для бойкі.

Вось уявіце сабе: сядзяць двое шахматыстаў, зрабілі па 15 хадоў, а потым адзін гавораць: “Ммм, ну ўсё, час нам выйсці пабіцца!”. І яны выходзяць, б’юцца, а потым ізноў садзяцца да дошкі і працягваюць партыю, робяць па 16-м ходзе. Смешна, так? Зрэжысаваныя сутычкі выходзяць за межы хакейных правілаў і ўвогуле хакейнай дзеі. Але, з лёгкай рукі нашых таварышаў з НХЛ гэтыя сутычкі ўбудаваныя ў хакей дзеля  відовішчнасці. У апошні час у НХЛ, дарэчы,Ю фактычна адмовілася ад боек па дамоўленасцях. Яны намагаюцца перайсці ад хакея “байцовага” да хакея асэнсаванага. А мы працягваем ісці рэтра-шляхам.

Той жа Брэнан, калі вы заўважылі, б’ецца на лёдзе, а пасля матча падыходзіць да праціўніка, усміхаецца, паціскае яму руку. Звыклае акторства. Мне гэта не блізка, і я супраць такога ў хакеі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі