"Там пекла" — Зяленскі аб сітуацыі на Данбасе, 86-я раніца вайны

Вайна Расіі супраць Украіны доўжыцца ўжо 86 дзён​ / АFP
Вайна Расіі супраць Украіны доўжыцца ўжо 86 дзён​ / АFP

Расійскія войскі вядуць наступальную аперацыю ў раёнах Лісічанска і Севераданецка. Севераданецк ўчора абстрэльвалі цэлы дзень. У выніку 12 чалавек загінулі, больш за 40 — атрымалі раненні.

"У асноўным — мэтанакіраваныя трапленні менавіта па жылых дамах", кажа кіраўнік Луганскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Аб цяжкіх баях паведамляе і кіраўнік Данецкай адміністрацыі Павел Кірыленка.

"Вельмі нялёгка. Людзям неабходна эвакуявацца, каб нам было прасцей вызваляць нашу тэрыторыю", —  прыводзіць яго словы УНІАН. 19 траўня, па словах Кірыленкі, абстрэлам расіян падвергнуліся Аўдзееўка, Очаратоўская, Мар'інка, Краснагораўка, Тарэцк. Асабліва шмат трапленняў было па Бахмуце. Расійскія войскі спрабавалі адрэзаць адну з асноўных трас на горад. Але беспаспяхова. У выніку УСУ "выбілі" расіян з аднаго населенага пункта. Якога менавіта, Кірыленка не сказаў. "Цяжкія баі працягваюцца, вельмі нялёгка", адзначыў ён.

"Там пекла, і гэта не перабольшанне", — так ацаніў сітуацыю на Данбасе прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Бамбардзіроўку Севераданецка, у выніку якой загінулі 12 чалавек, ён назваў жорсткай і цалкам бессэнсоўнай. Расіяне адступілі ў Харкаўскай вобласці, і цяпер спрабуюць узмацніць ціск на Данбасе, канстатуе ўкраінскі прэзідэнт.

Галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны Валерый Залужны лічыць, што ўкраінскім абаронцам удалося адабраць у праціўніка стратэгічную ініцыятыву і прымусіць на першым этапе вайны адмовіцца ад галоўнай мэты — захопу Кіева.

"Сёння мы не толькі вядзем абарону. Намі праведзены шэраг паспяховых контрнаступальных дзеянняў. Атрымалася разблакаваць Харкаў і Мікалаеў, вядуцца баі на Херсонскім кірунку", — прыводзіць словы Залужнага "Громадське".

Газета The New York Times апублікавала артыкул пра Буча. У ім прыведзены новыя доказы жорсткасці расійскіх вайскоўцаў. Выданне прааналізавала відэа калег з The Times з камер відэаназірання. У кадр патрапіла як мяркуецца падрыхтоўка да пакарання смерцю васьмярых украінцаў. На відэа вайскоўцы вядуць дзевяцярых згорбленых украінскіх палонных. Гэтыя людзі знаходзіліся пад вартай расіян за некалькі хвілін да смерці, сцвярджае выданне. The Times размаўляла са сведкамі той сітуацыі. Яны распавялі, што было далей: расійскія вайскоўцы адвялі мужчын за суседні офісны будынак. Потым пачуліся стрэлы і палонныя больш не вярнуліся.

На фатаграфіі гэтага ж месца, якая была зробленая пасля вызвалення Бучы, відаць 8 цел.  Расследаванне The Times ўстанавіла, што адзін мужчына выжыў. Гэта 43-гадовы будаўнік Іван Скіба — яму трапілі ў бок. Пакуль расійскія вайскоўцы не сышлі, ён прыкінуўся мёртвым, а потым уцёк.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўзначаліў рэйтынг самых уплывовых людзей 2022 года па версіі чытачоў амерыканскага часопіса Time. Другое месца заняў Ілан Маск, а трэцяе — Барыс Джонсан. Пра гэта гаворыцца на сайце Time.

У апытанні прынялі ўдзел 3,3 мільёна чалавек. Зяленскі набраў 5% галасоў. За Ілана Маска прагаласавалі 3,5% чалавек, якія прынялі ўдзел у апытанні, за Барыса Джонсана — 3,4%. Характэрна, што на чацвёртым месцы з рэйтынгам 3,2% апынуліся медыкі, якія вялі барацьбу з COVID-19.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі