Сёння адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы

Сёння адзначаецца Сусветны дзень свабоды прэсы

Сусветны дзень свабоды прэсы адзначаецца 3 траўня. Напярэдадні яго Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) апублікавала заяву салідарнасці з журналістамі ў Беларусі, якія церпяць пераслед, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Еўрапейская федэрацыя журналістаў налічвае больш за 320 тысяч журналістаў у 70 журналісцкіх арганізацыях у 44 краінах.

У заяве адзначаецца, што з 2015 года беларускія ўлады пачалі кампанію рэпрэсій супраць журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі медыя. У выніку гэтай кампаніі ў 2017 годзе беларускіх журналістаў 69 разоў штрафавалі нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ. Дарэчы, сама Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць такі пераслед незаконным.

У 2018 годзе ўлады ўжо 32 разы прысудзілі журналістам-фрылансерам вялікія грашовыя штрафы.

Еўрапейская федэрацыя журналістаў яшчэ раз выказвае салідарнасць з беларускімі калегамі. Яна заклікае беларускія дзяржаўныя органы неадкладна спыніць беспрэцэдэнтную хвалю пераследу незалежных журналістаў і даць ім юрыдычныя гарантыі для прафесійнай дзейнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі