Сёлета ў Польшчы за парушэнне міграцыйнага заканадаўства затрымалі 400 беларусаў
Затрыманне ў Польшчы, ілюстрацыйнае фота / policja.pl
У 2026 годзе за парушэнне міграцыйнага заканадаўства ў Польшчы затрымалі 400 беларусаў, паведамляе выданне Rzeczpospolita са спасылкай на памежную службу краіны.
Агулам польскія памежнікі ад студзеня да жніўня 2026 года выявілі 8,3 тысячы замежнікаў, якія былі ў Польшчы незаконна. Гэта на 40% больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Агулам жа за мінулы год за парушэнне міграцыйнага заканадаўства ў Польшчы было затрымана 9,3 тысячы чалавек.
Першае месца ў сёлетнім антырэйтынгу займаюць грамадзяне Украіны — 2,2 тысячы чалавек. Далей ідуць грамадзяне Калумбіі (1,4 тысячы), а замыкаюць тройку грамадзяне Грузіі (748 чалавек). Беларусы займаюць чацвёртае месца, а за імі ідзе Малдова (354).
Эксперты кажуць, што польская дзяржава не можа эфектыўна кантраляваць, хто застаецца ў краіне пасля заканчэння тэрміну дзеяння дазволу на жыхарства. Аналітыкі перасцерагаюць, што рост нелегальнай міграцыі пагражае разрастаннем ценявой эканомікі, злачыннасці і чорнага рынку.