Вы тут

Сяргей Налівайка: Стаўкі падаткаў у 2020-м не павялічацца, але і не паменшацца

Сяргей Налівайка / "Главный эфир"

У 2020 годзе беларускі ўрад плануе працягнуць выконваць мараторый на змяненне падатковых ставак. Пра гэта міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка распавёў у праграме "Галоўны эфір":

"Што датычыцца павелічэння падатковых ставак, іх не варта чакаць. Вяртаемся да мараторыя. На жаль, змяншэння таксама. Тут, напэўна, менавіта такая сітуацыя, калі стабільнасць — гэта вельмі добра".

Па словах міністра, нейкія змены ў падатковым заканадаўстве магчымыя — але яны будуць насіць касметычны характар ​​і не будуць тычыцца шырокага кола падаткаплацельшчыкаў.

"Недзе паправіцца, можа быць, паняційны апарат, яшчэ нейкія дробныя абсалютна дэталі. Але істотных нейкіх зменаў не даводзіцца чакаць, іх не будзе", — дадаў Сяргей Налівайка.

Раней расійскае выданне "Коммерсантъ" паведамляла, што да 1 красавіка 2021 года Беларусь і Расія павінны прыняць адзіны Падатковы кодэкс. Нібыта гэта прадугледжана дакументамі, якія падпісалі кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў.

Стаўка падаходнага падатку ў Расіі і ў Беларусі супадае і складае 13%. Аднак у Беларусі ёсць суб'екты гаспадарання з асаблівым падатковым статусам, дзе ўсталяваная льготная стаўка падаходнага падатку. Да іх, напрыклад, належыць "Парк высокіх тэхналогій".

Стаўка падатку на дададзеную вартасць у Расіі і ў Беларусі таксама супадае і складае 20%. Аднак у Беларусі для асобных сфер эканомікі ПДВ устаноўлены на ўзроўні 25%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.