Сяргей Бульба адмовіўся ад перамоваў наконт Моладзевага хаба — Аліна Коўшык
![Сяргей Бульба / Еўрарадыё](/sites/default/files/styles/main_image_watermark_/public/2023-08/BulbaS_0.jpg.webp?itok=Fb2yvWKt)
Сяргей Бульба / Еўрарадыё
Сяргей Бульба адмовіўся ад перамоваў і медыяцыі канфлікту, які разгарэўся вакол Беларускага моладзевага хабу ў Варшаве. Пра гэта паведамляе ў сацсетках прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.
"У адказ на прапанову аб медыяцыі я атрымала згоду Аляксандра Лапко і адмову Сяргея Бульбы. Апошні аргументаваў сваю пазіцыю, тым, што трэці бок тут не патрэбны, бо ён сам з’яўляецца трэцім бокам у гэтай справе", — піша Коўшык.
Як распавядала Еўрарадыё, 2 жніўня ў памяшканні Беларускага моладзевага хаба (БМХ) ў цэнтры Варшавы пры ўдзеле паліцыі памянялі замкі. Новым кіраўніком БМХ назваў сябе 56-гадовы Сяргей Бульба, былы кіраўнік і заснавальнік "Белага легіёна". Сузаснавальнікі БМХ Алесь Лапко і Стася Гліннік кажуць пра рэйдарскі захоп маёмасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.