“Паліцыя сама параіла слесара”. Хто і навошта хакнуў Беларускі моладзевы хаб

Беларускі моладзевы хаб / Архіў

Беларускі моладзевы хаб / Архіў

Прыкладна ў 11 гадзін 2 жніўня дзверы Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве былі ўзламаныя. Унутр зайшлі 5 чалавек. Сярод іх былі грамадскі дзеяч Сяргей Бульба і гісторык Андрэй Радаман.

Неўзабаве побач з будынкам з’явіўся аўтамабіль паліцыі. Двое афіцэраў — мужчына і жанчына — таксама зайшлі ў памяшканне. Так сярод беларускай дыяспары ў Польшчы пачаўся яшчэ адзін скандал. Гэтым разам — праз прасторнае двухпавярховае памяшканне ў самым цэнтры Варшавы, на плошчы Канстытуцыі, 6.

—  Гэта рэйдарскі захоп, спробы якога пачаліся яшчэ ў ліпені, — каментуюць Еўрарадыё сітуацыю сузаснавальнікі БМХ Алесь Лапко і Стася Гліннік. Ад іх даведваемся, што да гэтага могуць быць датычныя сябры назіральнай рады хаба Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова. Паводле версіі Лапко, разам з грамадскім актывістам Сяргеем Бульбам “пры парушэнні статуту і рэгламенту арганізацыі змянілі яе кіраўнічыя ворганы”. Гаворка пра хаб, новым кіраўніком якога сябе называе Бульба.

Лапко дадае, што яго подпіс быў падроблены. Іначай зрабіць Бульбу кіраўніком хаба не атрымалася б. Але той адказвае, што ніякіх парушэнняў закона няма:

— Мы самі схадзілі ў паліцыю і дамовіліся, што, паколькі былое кіраўніцтва не аддае дакументы па аўдыце, не дае допуску да памяшкання, мы будзем змушаныя ўскрыць яго, што сёння і адбылося. 

 

Дык што адбылося?

Са словаў Стасі Гліннік, Ракевіч і Баравікова проста вырашылі, што новым кіраўніком хаба будзе Сяргей Бульба. Яе меркавання як сяброўкі назіральнай рады пры гэтым ніхто не пытаў — усё адбылося “моцна па-беларуску”.

— Мы адчуваем ціск з іх боку ўжо доўгі час, — расказвае Стася. — Каманда хаба цярпіць ад гэтага. Андрэй Ракевіч — гэта прычына, з якой актывісты пакідаюць каманду хаба і з якой калісьці з яе сышла я сама.

Цяпер я стаю разам з усёй камандай, якая сапраўды рабіла гэтую арганізацыю, стаяла за ўсім добрым, што атрымлівалася на гэтай пляцоўцы, і мы зробім усё, каб спыніць гэты рэйдарскі захоп. Мы разумеем, што робіцца гэта мэтаскіравана — супраць найбуйнейшай пляцоўкі беларусаў у Варшаве.

Чаму скандал грымнуў менавіта цяпер — падчас справаздачнай сесіі Аб’яднанага пераходнага кабінета перад Каардынацыйнай радай і напярэдадні другой прэс-канферэнцыі "Новая Беларусь"? На думку Алеся Лапко, усё невыпадкова.

— Мы лічым, што гэта робіцца, каб стварыць новую падставу для таго, каб паказаць, што беларускія дэмакратычныя сілы ў раздраі, не могуць дамовіцца і могуць толькі нешта ламаць. Насамрэч ніякага канфлікту і ніякай крызіснай сітуацыі ў нашай арганізацыі, у нашай камандзе, у нашых ініцыятывах ніколі не было. Мы працавалі і хацелі працаваць далей. 

“Паліцыя сама параіла слесара”. Хто і навошта хакнуў Беларускі моладзевы хаб
У хабе / Еўрарадыё

У пачатку ліпеня нашыя ініцыятывы зладзілі Тыдзень беларускай культуры. Мы даўно выйшлі на такі ўзровень, што ўся беларуская дыяспара сустракаецца ў нас пад хабам. Але з таго часу як пачаліся спробы рэйдарскага захопу, мы не можам гарантаваць бяспеку нашай прасторы.

Мы дакладна ведаем, што для таго, каб увесці ў зман польскія органы, у дакументах былі падробленыя подпісы: мой, Стасі і іншых сяброў арганізацыі. Каб разабрацца з гэтым, мы звярнуліся ў суд. Цяпер польская паліцыя займаецца нашай справай. Разам з польскімі службамі мы будзем сачыць за далейшым лёсам нашай прасторы, іншых арганізацый, усёй беларускай супольнасці, якая згуртавалася вакол Беларускага моладзевага хаба як адной з заўважных пляцовак беларусаў замежжа.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі