Вы тут

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам

Святлана Ціханоўская і Джо Байдэн / twitter.com/Tsihanouskaya

Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Гаворка ішла пра сітуацыю ў Беларусі і ўзмацненне ціску Злучаных Штатаў на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Сустрэча працягвалася 15 хвілін.

Пасля сустрэчы з амерыканскім прэзідэнтам Ціханоўская заявіла, што ўпэўненая: голас мільёнаў беларусаў быў пачуты. "Беларуская рэвалюцыя не звязаная з геапалітыкай, цытуе яе словы прэс-служба беларускага палітыка. — Гэта дэмакратычны выбар беларусаў, і маральны абавязак ЗША — падтрымаць нас". Па словах Святланы Ціханоўскай, "суверэнітэт Беларусі не падлягае абмеркаванню і гандлю", а "любыя здзелкі, падпісаныя нелегітымным рэжымам, незаконныя".

"Рашэннем крызісу могуць стаць толькі новыя свабодныя выбары пад міжнародным кантролем, — працягвае яна. — А ўсе зняволеныя па палітычных матывах павінны быць вызваленыя без якіх-небудзь умоў". Таксама палітык заявіла, што "крызіс у Беларусі павінен быць уключаны ў міжнародны парадак дня, у ААН і АБСЕ, а ўсе вінаватыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці ў міжнародных судах".

У Twitter Джо Байдэна з'явілася фота з сустрэчы і каментар. "Для мяне было гонарам сустрэцца з Ціханоўскай у Белым Доме сёння раніцай, — гаворыцца ў паведамленні. — Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненні да дэмакратыі і ўсеагульных правоў чалавека".

Раней Ціханоўская падчас візіту ў ЗША мела сустрэчы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам, прадстаўнікамі адміністрацыі, з кангрэсменамі і сенатарамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.