"Суверэнітэт адколваецца": ці стане Лукашэнка расійскім губернатарам?

Пуцін і Лукашэнка / РІА "Навіны"
Пуцін і Лукашэнка / РІА "Навіны"

Палітыка Лукашэнкі рухаецца да канчатковай страты Беларуссю незалежнасці. Аднак нават у гэтай сітуацыі можна знайсці пазітыўныя перспектывы, разважае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

— Ёсць спектр ад поўнай незалежнасці да стану губернатара расійскага рэгіёна. І Лукашэнка крочыць па гэтай дарозе. Ён яшчэ не ў фінальным пункце, да яго яшчэ ісці і ісці. Але ён набірае тэмп, так скажам. І вось нейкія фрагменты суверэнітэту па дарозе адколваюцца, і гэта ўсё жахліва. Гэта, безумоўна, абсалютна трагічная сітуацыя.

Радуе мяне толькі тое, што ў ёй былі і іншыя краіны і рэжымы ў мінулым. Нават у нашым рэгіёне — краіна, у якой мы цяпер з вамі сядзім. Польшча таксама была ў такой сітуацыі, і мы разумеем, што шмат з таго, што адбываецца, пры наяўнасці волі і збегу абставінаў абарачальнае.

Па словах Шрайбмана, гэта, тым не менш, не падстава вешацца:

— Беларуская незалежнасць — гэта не настолькі лёгка перажоўваны канструкт, пры якім варта падпісаць паперку — і яна выпарыцца. Ёсць народ, які хоча жыць асобна. Нават калі мы ўявім страшны сцэнар пазбаўлення атрыбутаў суверэнітэту, то гэты стан катастрафічны працягнецца роўна столькі, колькі будзе існаваць сённяшні ці там працяг сённяшняга рэжыму ў Расіі. А пры яго паслабленні Беларусь будзе першым рэгіёнам, які выскачыць і зноў пабудуе незалежную дзяржаву.

Немагчыма абнуліць гэтую ідэнтычнасць, якая ўжо здабыла свае карані ў дзяржаве, працягвае Шрайбман:

— Маленькага ўсплёску нацыянальнай актыўнасці ў 1917–1918 гадах хапіла для таго, каб бальшавікі задумаліся пра тое, што трэба, здаецца, беларусам даць усё ж нейкую аўтаномію. Такія падзеі, як 30-гадовая незалежнасць, пакідаюць адзнаку, якую немагчыма сцерці проста таму, што нейкія сямідзесяцігадовыя дзядулі падпісалі нейкія паперкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі