“Сустрэчы недармаедаў” прайшлі па ўсіх абласных цэнтрах Беларусі

Акцыі пратэсту супраць прэзідэнцкага дэкрэта №3 (“дэкрэта аб дармаедах”) прайшлі сёння ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі. Самыя шматлюдныя акцыі былі ў Гомелі (каля 1000 чалавек) і ў Магілёве (каля 500).

У Брэсце ў цэнтры горада сабралася каля сотні пратэстоўцаў, у Віцебску і ў Гродне — па некалькі дзясяткаў. Большасць прысутных — гэта звычайныя грамадзяне, якія атрымалі “лісты шчасця” з падатковай.

Ніводная акцыя не была санкцыянаваная мясцовымі ўладамі, але і затрыманняў таксама не было. Палітыкі і грамадскія дзеячы амаль нідзе не далучыліся да “Сустрэчаў дармаедаў”, толькі на магілёўскім пратэсце прысутнічаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Два дні таму масавая акцыя супраць “дэкрэту аб дармаедах” адбылся ў Мінску, таксама без затрыманняў. Прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта правялі ў рэгіёнах сустрэчы з грамадзянамі, якія тычыліся практыкі выканання гэтага дакумента.

Дэкрэт прэзідэнта №3 “Аб перадухіленні сацыяльнага ўтрыманства” быў прыняты 2 красавіка 2015 года. Пад яго дзеянне трапілі працаздольныя грамадзяне, якія цягам 183 дзён у календарным годзе не працуюць афіцыйна, апроч жанчын у адпачынку па даглядзе за дзіцем, маці з дзецьмі дашкольнага ўзросту, а таксама асобаў, якія жывуць і працуюць за мяжой і болей за паўгода не бываюць у Беларусі.

Паводле дадзеных на пачатак лютага падатковыя разаслалі 470 тысяч спавяшчэнняў аб неабходнасці выплаціць “падатак на дармаедства”, але разлічыліся з дзяржавай толькі 46 тысяч грамадзян. Пры гэтым дзяржава патраціла на рассылку заказных лістоў каля 367 тысяч долараў у эквіваленце.

Многіх адрасатаў прызналі “дармаедамі” памылкова — звычайна гэта грамадзяне Беларусі, якія жывуць за мяжой і там працуюць.

Заплаціць падатак трэба да 20 лютага. Парушальнікам пагражаюць штрафам у 2-4 базавыя велічыні, або адміністратыўным арыштам з выкананнем грамадскіх працаў.