Вы тут

Сур'ёзныя праблемы з вадой у Ляхавічах працягваюцца чацвёртыя суткі

Жыхары Ляхавічаў стараюцца набраць ваду, калі яна ёсць / intex-press.by

Жыхары Ляхавічаў скардзяцца на праблемы з вадой, якія пачаліся 21 чэрвеня, піша Intex-press. У многіх раёнах горада няма ні гарачай, ні халоднай, у іншых — яна з'яўляецца на некалькі гадзін у дзень.

"У панядзелак я прыйшла з працы, прыняла душ (гэта было прыкладна ў пяць гадзін вечара), а дзесьці ў восем адключылі ваду — і халодную, і гарачую. Я затэлефанавала ў ЖКГ, але выразнага адказу мне не далі. Сказалі, што ў рэзервуарах скончылася вада. Затэлефанавала ў 115, там я пачула тое ж самае. У аўторак павесілі аб'яву: маўляў, у сувязі з умовамі надвор'я помпы не паспяваюць пампаваць ваду, эканомце", — кажа жыхарка Ляхавічаў Юлія.

Тым часам гараджане кажуць, што з бутыляванай вадой у крамах ужо таксама ёсць праблемы — месцамі можна купіць толькі мінералку.

У Ляхавіцкім раённым ЖКГ праблемы з вадой тлумачаць спякотай: "Не хапае вады на водазаборы. А больш падрабязна вам лепш спытаць у водаканале".

А на водаканале ва ўсім вінавацяць саміх жыхароў, якія ў спякоту паліваюць свае гароды. "Аб'ём вады, які людзі ўжываюць, перавышае той, які мы падымаем з артэзіянскіх свідравін. Мы не паспяваем своечасова напоўніць чыстай вадой рэзервуар на станцыі абезжалезвання, у сувязі з гэтым мы ўсталявалі графік, па якім будзем уключаць ваду", — кажуць на водаканале.

Бліжэйшым часам ваду ў Ляхавічах будуць уключаць тройчы ў дзень: з 6-й да 8-й раніцы, удзень з 12-й да 14-й, а ўвечары — з 17:30 да 23:00.

Папярэдне, ваду паводле графіку ў Ляхавічах будуць даваць да 27 чэрвеня.

Таксама гараджан просяць эканоміць ваду і не паліваць гароды са шлангаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.