Супраць палітвязня настаўніка геаграфіі Руслана Садоўнічага ўзбудзілі новую крымінальную справу, пішуць праваабаронцы “Вясны”.
У 2020 годзе ён увайшоў у склад участковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, але адмовіўся ставіць подпіс у пратаколе.
Настаўніка звінавацілі ў тым, што ён напісаў нібыта шмат абразлівых паведамленняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі і іх блізкіх, а 21 лютага 2022 году асудзілі на 3,5 гады зняволення. Палітвязня таксама ўнеслі ў “спіс тэрарыстаў”. Ён адбывае пакаранне ў бабруйскай турме.
Зараз у дачыненні да Садоўнічага ўзбудзілі крымінальную справу па двух новых артыкулах — гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і абраза прадстаўніка ўлады.