Суд у Нідэрландах вырашыў, што "скіфскае золата" вернецца ва Украіну
"Скіфскае золата" / Reuters
Вярхоўны суд Нідэрландаў пакінуў у сіле папярэдняе рашэнне нідэрландскага суда, які пастанавіў вярнуць калекцыю "скіфскага золата" з крымскіх музеяў на падкантрольную ўкраінскаму ўраду тэрыторыю, а не ў часова акупаваны Расіяй Крым, паведамляе Reuters.
Калекцыю прывезлі з крымскіх музеяў на выставу ў Амстэрдам яшчэ да акупацыі Крыма расійскімі войскамі. У ёй 565 музейных экспанатаў. Яшчэ ў 2016-м акруговы суд Амстэрдама вырашыў вярнуць калекцыю на падкантрольную ўкраінскаму ўраду тэрыторыю. Але прадстаўнікі крымскіх музеяў звярнуліся ў апеляцыйны суд, які восенню 2021-га пацвердзіў рашэнне. У пачатку 2022-га тыя ж крымскія музеі яшчэ падалі касацыйную скаргу.
Згодна з Канвенцыяй ЮНЕСКА, мастацкія каштоўнасці павінны вярнуць суверэннай дзяржаве, якая дала іх для часовай экспазіцыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.