Суд над святарамі Жуком і Варанко з Віцебска пройдзе напярэдадні Раства

Суд над святарамі Жуком і Варанко з Віцебска пройдзе напярэдадні Раства

24 снежня ў Віцебску пройдуць суды над каталіцкім ксяндзом Віктарам Жуком і грэка-каталіцкім святаром Аляксеем Варанко. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КаАП).

"У вігілію Раства Хрыстовага адбудзецца суд над гэтымі Божымі слугамі. Наша малітва дапаможа ім вытрываць у гэтым выпрабаванні, якое Бог даў ім у гэтым часе. Мы павінны праявіць з імі нашу салідарнасць і паказаць нашу падтрымку. У гэтым праяўляецца наша высакароднасць і сапраўдная чалавечнасць. Молімся за нашых братоў у веры і за нашых пастыраў", — напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку біскуп Юрый Касабуцкі.

Жука і Варанко затрымалі 8 снежня падчас малітвы каля гандлёвага цэнтра Green. На наступны дзень суд адправіў іх адміністрацыйныя справы на дапрацоўку, а саміх святароў адпусцілі з ізалятара на волю. 

Гэта не першы суд над каталіцкімі святарамі ў Беларусі за апошія месяцы. У Івацэвічах 30 лістапада грэка-каталіцкі святар Віталь Быстроў быў асуджаны на 10 сутак: яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Расонскага ксяндза Вячаслава Барка 1 снежня асудзілі на 10 сутак за публікацыю ў сацсетках плаката Уладзіміра Цэслера "Стоп лукашызм!". Суд палічыў, што гэта прапаганда нацысцкай сімволікі. Сам аўтар плаката заявіў, што яго твор мае безумоўны антыфашысцкі характар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі