Суд над актывістам апазіцыі Каўшом стаў закрытым

4 і 5 верасня адкрыта слухалі сведкаў следчых дзеянняў з індусамі, затрыманымі на мяжы. Быў выкліканы перакладчык з англійскай мовы, які павінен быў спраўдзіць дакладнасць першапачатковага перакладу.





Абарона адзначыла, што перакладчыкі з моваў Індыі, карэнныя індыйцы, раней працавалі ў Брэсце афіцыянтамі рэстарана “Індыя” да яго закрыцця.





Маці абвінавачанага Генрыка Станіславаўна кажа:





Генрыка Коўш: "Яны ў Індыі ніякіх школ не заканчвалі, ніякіх дакументаў аб адукацыі няма. А тут хоць бы курсы якія для смеху скончылі… Тут многа чаго нарабілі. Газеты панапісвалі, што ў Віталя Каўша белы Мерседэс, што ў яго дом у Цюхінічах… Дык няхай мне дадуць дакументы, якія спраўджваюць, што ў яго белы Мерседэс, што ў яго дом у Цюхінічах… Я паверу".





Дарэчы, жонка Віталя Каўша падала заяву на развод. У прыватнай размове жанчына патлумачыла, што знаходжанне мужа ў турме не дазваляе ёй прыватызаваць кватэру. Тэрмін прыватызацыі заканчваецца пасля Новага года.





Нагадаем, Віталя Каўша асудзілі на 4 гады турмы з канфіскацыяй маёмасці. Яго абвінавацілі ў арганізацыі незаконнага пераходу васьмі індыйцаў па канаце над беларуска-польскай мяжой. Брэсцкі абласны суд скасаваў прысуд, цяпер справу пераглядае новы склад суда.