Суд "Мілкавіты" супраць журналіста AP Юрася Карманава працягнецца 6 кастрычніка

Суд "Мілкавіты" супраць журналіста AP Юрася Карманава працягнецца 6 кастрычніка

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 5 кастрычніка пачаўся працэс кампаніі "Мілкавіта" супраць журналіста агенцтва Associated Press Юрася Карманава.

Прычынай разбіральніцтва стала журналісцкае расследаванне Карманава наконт прадукцыі прадпрыемства. Журналіст апублікаваў увесну матэрыял, у якім даказваў, быццам прадукцыю "Мілкавіты" робяць з радыеактыўнага малака.

Кіраўніцтва прадпрыемства палічыла, што расследаванне нашкодзіла дзелавой рэпутацыі кампаніі.

Паседжанне доўжылася толькі гадзіну. Адвакатам Карманава выступае юрыст Сяргей Зікрацкі. Прадстаўніком журналіста ў судзе з'яўляецца таксама старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

На пачатку працэсу суддзя Алена Рудніцкая выдаліла фотакарэспандэнтаў партала TUT.BY, агенцтва БелаПАН і Радыё "Свабода", якія пачалі здымаць, як суддзя ўваходзіць у залу. Яна не дазволіла фота- і відэаздымкі падчас працэсу, хаця бакі былі не супраць.

Як распавёў Карманаў у эфіры Еўрарадыё, яго абаронца падаў хадайніцтва каб разглядам справы заняўся гаспадарчы суд. Па яго словах, менавіта гэтыя суды павінныя разглядаць справы па абароне дзелавой рэпутацыі.  Пасля гэтага суддзя абвясціла перапынак да чацвярга, 6 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі