Суд адмовіўся далучаць да справы важныя матэрыялы — адвакат Віктара Бабарыкі

Суд па "справе Белгазпрамбанка" пачаўся 17 лютага / Еўрарадыё​
Суд па "справе Белгазпрамбанка" пачаўся 17 лютага / Еўрарадыё​

Адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі падвёў вынікі судовага следства па справе экс-менеджара "Белгазпрамбанка". Праз паўтара тыдня, 21 чэрвеня, у судзе пачнуцца спрэчкі бакоў.

Лаеўскі вылучыў тры важныя, на яго думку, моманты. Па-першае, суд адмовіўся далучыць да справы матэрыялы, якія даказваюць палітычную матываванасць працэсу.

"Тым не менш вытрымкі з адхіленых судом матэрыялаў і спасылкі на крыніцы іх размяшчэння мы прывялі ў пісьмовым хадайніцтве, якое ў справу ўсё-такі трапіла", — адзначыў Лаеўскі.

Па словах адваката, суд адмовіўся таксама выклікаць на пасяджэнне двух грамадзян Латвіі. Паводле версіі абвінавачвання, гэтыя людзі дапамагалі Бабарыку здзяйсняць злачынствы. Пры гэтым латвійцаў не апыталі ні падчас папярэдняга следства, ні падчас суда.

"Іх паказанняў у справе няма", — падкрэслівае Лаеўскі. Абарона тройчы прасіла выклікаць іх для паказанняў, і кожны раз суд знаходзіў прычыну, чаму гэта немагчыма: невядома, дзе жывуць, разлічваем на калегаў у рамках міжнародна-прававой дапамогі. Калі абарона Бабарыкі нарэшце знайшла адрасы гэтых людзей, выклікаць іх суд адмовіўся. 

"Добра, што закон дазваляе нам у гэтай сітуацыі заявіць аб недаказанасці абставінаў, указаных у абвінавачванні ў сувязі з імёнамі гэтых грамадзян", — адзначыў адвакат Віктара Бабарыкі.

Суд  отказался приобщать к делу важные материалы — адвокат Виктора Бабарико
Віктар Бабарыка ў судзе / Oksana Manchuk/BelTA

Яшчэ адным важным вынікам судовага следства Дзмітрый Лаеўскі назваў далучэнне да справы важных новых доказаў невінаватасці Бабарыкі, сабраных за межамі Беларусі.

Гэтыя дакументы, са слоў абаронцы, абвярнаюць аргументы абвінавачвання пра тое, што Віктар Бабарыка нібыта атрымліваў хабар праз латвійскую кампанію, якая зноў жа нібыта была падкантрольная экс-кіраўніку "Белгазпрамбанка".

"Мы паказалі, што заснавальнікам латвійскай кампаніі і чальцамі органаў яе кіравання былі суб'екты, не проста ніяк не звязаныя з Віктарам Бабарыкам, але якіх ніхто нават ні разу не згадваў у гэтым крымінальным працэсе. І паказалі, што дывідэнды, якія паступалі ў латвійскую кампанію, ніякага дачынення да Віктара Бабарыкі не мелі", — расказаў адвакат.

Віктара Бабарыку затрымалі каля года таму, калі ён заявіў аб сваіх прэзідэнцкіх амбіцыях. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і ў "адмыванні" грошай, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры. Ён не прызнае сваю віну — у адрозненне ад іншых фігурантаў справы. Праваабаронцы прызналі Віктара Бабарыку палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі