Студэнты хочуць адзначаць выпускны ў стрып-клубе, але пужаюцца коштаў

“Мы адзначаем у Fashion club. Будзе кавер-гурт, шоў бармэнаў, танцавальныя шоў, шоў бубначоў. Для аднаго чалавека гэта каштуе 130 долараў”, — апісвае Еўрарадыё свой будучы выпускны Лера, яна заканчвае БНТУ.

Трэба яшчэ сукенку, туфлі, макіяж і укладку, падлічвае Лера. Агулам, каля 400 баксаў.

“Макіяж каштуе ад 35 долараў. Прычоска столькі ж з выездам на дом. Сукенка — у раёне мільёна. Туфлі — не менш, чым за мільён, а хутчэй, больш”.

Выпускнік Беларускага радыётэхнічнага ўніверсітэта Ігар, каб апрануцца да выпускнога, гатовы аддаць каля 400 долараў. Набудзе дарагі касцюм!

“Буду набываць касцюм, новую кашулю, туфлі, шкарпэткі. Мяркую, што ўкладуся ў 3-4 мільёны. Касцюм хачу палепш набыць, мільёны за два”, — плануе расходы Ігар. Будучы праграміст можа сабе дазволіць.

Выпускны ён збіраецца адзначаць у клубе “Тусэ”. Скідваюцца па 130 долараў.

Каб адзначыць выпускны, звяртаюцца нават у… стрыптыз-клуб! Але ў стрып-клубе “Венецыя” кажуць, што калі выпускнікі дазнаюцца пра кошты і праграму, шукаюць іншыя месцы:

“Не ўяўляюць фармат клуба і тое, што ўнутры. А калі яшчэ і кошт скажаш… Толькі зняць памяшканне на ноч — гэта 3 тысячы долараў”.

У “Журавінцы" выпускны сёлета адзначыць… тысяча чалавек. Гэта некалькі выпускных з розных універаў. Кошт для аднаго чалавека — 100 долараў.

У школе выпускны можа быць даражэйшы, за “Журавінку”, расказвае выпускніца Жэня.

“Будзе афіцыйная частка, пасля дыджэй, яго замаўлялі з двума класамі. Скідваліся ў раёне 150 долараў. Але гэта не сам выпускны, гэта ўсе расходы на год, уключна з апошнім званком”, — тлумачыць Жэня.

Выпускны можна адзначыць і за 100 долараў, агучвае кошты дырэктарка “Творчай лабараторыі PR” Юлія Паляшчук. Яна скардзіцца, што ўсе выпускнікі абіраюць стандартны варыянт пад капірку.

“Прапанавалі выпускны на беларускай мове, з беларускай музыкай. Але ў групе з 30 чалавек, дзесятак беларускамоўных. Большасць хоча чырвоную дарожку, лімузіны і пафас. Абіраюць у выніку адну і тую ж праграму. Асноўнае: папулярны вядучы, кавер-гурт і фаер-шоў, неон-шоў. Але цяпер фаер-шоў нельга”, — даводзіць Юлія Паляшчук.

Нагадаем, школьныя выпускныя ў сталічных школах пройдуць 10-12 чэрвеня. Сёлета школу заканчваюць 86 тысяч юнакоў і дзяўчат. З сярэдняй школы выпускаецца 52 тысячы вучняў.

Фота: d.topic.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі