Мінадукацыі забараняе ладзіць выпускныя ў кавярнях і рэстаранах

Выпускнікі, ілюстрацыйнае фота

Выпускнікі, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Школьныя выпускныя забаронена праводзіць у кавярнях і рэстаранах. Пра гэта чыноўнікі Мінадукацыі вырашылі нагадаць перад урачыстымі мерапрыемствамі для выпускнікоў.

Апошні званок сёлета празвініць 25 траўня, а выпускныя вечары з уручэннем атэстатаў аб сярэдняй адукацыі пройдуць 14 чэрвеня.

"Праводзіць іх варта ў памяшканнях устаноў адукацыі — гэта, як правіла, школы. У выключных выпадках урачыстасці могуць праводзіцца ва ўстановах культуры або ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Магчыма арганізаваць свята і на адкрытай пляцоўцы, але гэта ўсё роўна павінна быць пляцоўка ўстановы адукацыі", — падкрэслівае ў каментары БЕЛТА кансультант Мінадукацыі Таццяна Асмалоўская.

Паводле яе, выпускнікі і іх бацькі рэгулярна пытаюцца, ці ці можна праводзіць выпускныя вечары ў рэстаранах, кавярнях, забаўляльных цэнтрах ды іншых падобных аб'ектах. "Адназначна — не. Гэтая пазіцыя вызначаная ў загадзе Міністэрства адукацыі. Любая лакацыя правядзення ўрачыстага мерапрыемства знаходзіцца на кантролі і органаў упраўлення адукацыі, і органаў унутраных спраў", — кажа Асмалоўская.

Прадстаўніца Мінадукацыі заяўляе, што правядзенне як "Апошняга званка", так і выпускных вечароў ужо спланаванае, у тым ліку "адпрацаваныя маршруты сустрэчы світання, масавыя гулянні ў горадзе. На ўсіх этапах у мэтах стварэння ўмоў бяспекі будуць забяспечаны дзяжурствы педагагічных і іншых работнікаў устаноў адукацыі".

На Тры тыдні таму падчас паездку на Гомельшчыну Аляксандр Лукашэнка абурыўся тым, што на выпускныя заказваюць лімузіны. Пасля гэтага чыноўнікі Мінадукацыі ўзяліся за ідэалагічны кантроль выпускных і пачалі забараняць шыкаванне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі