Студэнтка ЕГУ: Сенат наўрад ці зможа супрацьстаяць рэктару Міхайлаву

У Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ўжо тыдзень як неспакойна. 13 выкладчыкаў аб’ядналіся ў платформу “За новы ЕГУ” і ўсім складам ідуць на выбары ў Сенат. Адстойваюць дэмакратычныя ўніверсітэцкія каштоўнасці, гаворыць адна з ініцыятараў акцыі Вольга Шпарага.

“Вось нам здаецца, што сітуацыя з дыялогам унутры акадэмічнай супольнасці ўніверсітэта пагоршылася. І мы зараз змагаемся за тое, каб самакіраванне існавала”.

Атрымаць каментар аб асаблівасцях унутрыўніверсітэцкага жыцця ў рэктараце ЕГУ не атрымліваецца — там зацята маўчаць. А напярэдадні выбараў у Сенат з нетраў ЕГУ ўвогуле прыходзіць дзіўная навіна — кіраўніцтва выдала ўнутранае распараджэнне пад назвай “Кодэкс паводзінаў”, які значна абмяжоўвае магчымасці выкладчыкаў у камунікацыях з журналістамі. Яны атрымалі дакумент на літоўскай і англійскай мовах. Прычым змест яго з выкладчыкамі не абмяркоўваўся — іх паставілі перад фактам.

Магчыма, гэтым можна патлумачыць і нежаданне студэнтаў выказвацца аб сітуацыі ва ўніверсітэце. З дзясятка чалавек з карэспандэнтам Еўрарадыё пагадзіліся пагаварыць адзінкі. Расказваюць, што канфліктная сітуацыя адчуваецца нават у студэнцкім асяродку. Хоць са студэнтамі аб ёй размаўляюць лічаныя выкладчыкі. З ёй жа звязваюць і тыднёвую затрымку стыпендый — студэнты нават звярнуліся з просьбай вырашыць гэтае пытанне як мага хутчэй.

Студэнтка 3-га курса міжнароднага права Кацярына Станкевіч расказвае, што ў магчымасць Сената супрацьстаяць прапанаваным рэктарам Міхайлавым пераменам мала хто верыць. Маўляў, грашовыя пытанні курыруе менавіта рэктарат.

“Што датычыць мяне і майго студэнцкага асяродку, то мы думаем, што наўрад ці Сенат зможа істотна паўплываць на сітуацыю. Усё адно ў выніку рашэнні прымаюцца ў рэктараце. Там людзі, якія маюць зносіны са спонсарамі ЕГУ”.

У той жа час студэнты пра сутнасць канфлікту і пазіцыі бакоў ведаюць няшмат. І тое — са СМІ, расказвае Кацярына.

“Канкрэтных падрабязнасцяў мы не ведаем. Чулі, што частка выкладчыкаў выступіла супраць рэформ. Нядаўна Міхайлаў сустракаўся са студэнтамі… Але ніякай канкрэтыкі студэнтам не гавораць”.

Як даведалася Еўрарадыё, выбары ў Сенат ЕГУ праходзяць 19 лістапада адразу ў трох месцах: адно з іх знаходзіцца ў Мінску, яшчэ два — у Вільні. Удзельнічаць маюць права 96 чалавек. На 20 мандатаў Сената апазіцыйная адміністрацыі платформа “За новы ЕГУ” выставіла 13 кандыдатур. Вынікі галасавання будуць вядомыя ў сераду 20 лістапада.

На выбарах у Сенат перамагла платформа “За новы ЕГУ”
 

Фота students.ehu.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі