Вы тут

Страйкоўцы "Беларуськалію" адказалі на прапанову кампаніі аднавіцца на працы

На "Беларуськаліі" / Еўрарадыё

Страйкам "Беларуськалію" адказаў на заяву кампаніі, што яна гатовая прыняць назад звольненых страйкоўцаў. Як распавядала Еўрарадыё, пад ціскам нарвежскай кампаніі Yara кіраўніцтва "Беларуськалію" паведаміла, што здыме са звольненых шахцёраў усе спагнанні і чакае ад іх заявы аб прыняцці на працу.

Страйкоўцы заявілі ў адказ, што не будуць весці няікіх перамоваў з кіраўніцтвам "Беларуськалію". 

"Прапанова аднавіць чальцоў страйку на працы — гэта шырма для нарвежскай кампаніі Yara для заключэння новага кантракту. А таксама спроба разваліць страйк. Мы ведаем, што адноўленыя работнікі усё роўна праз некаторы час пасля таго, як сітуацыя супакоіцца, будуць звольненыя па надуманых падставах. Іншадумства на "Беларуськаліі" ніколі не віталася", — гаворыцца ў ТГ-канале страйкама.

Шахцёры падкрэсліваюць, што яны пачалі страйк, бо не маглі мірыцца з беззаконнем у Беларусі. Таму гаворкі пра спыненне страйку, па іх словах, можна будзе весці тоькі пасля таго, як будуць выкананыя законныя патрабаванні:

— прызнаць вынікі выбараў 9 жніўня 2020 года несапраўднымі;

— спыніць пераслед за грамадзянскую пазіцыю;

— вызваліць усіх палітычных зняволеных і ўдзельнікаў мірных пратэстаў;

— пачаць крымінальныя справы на супрацоўнікаў сілавых структур, якія парушалі закон;

— правесці новыя сумленныя выбары;

— прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынства супраць народа і фальсіфікацыю выбараў.

"Важна цяпер не паддавацца на саступкі і падачкі злачыннай улады. У нас адна мэта — змяніць рэжым, які парушае базавыя правы людзей", — канстатуюць страйкоўцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.