Стратэгія Расіі ў Беларусі — “брудная праца чужымі рукамі”

Стратэгія Расіі ў Беларусі — “брудная праца чужымі рукамі”

Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч не ўпэўнены, што дзейная беларуская ўлада калі-небудзь сама пагодзіцца на новыя выбары. А калі так, то ці не надышоў час “калектыўнаму Захаду” пайсці на кампраміс з рэжымам і першаму пачаць перамовы — хай сабе нават “кулуарныя”?

— Кантроль Лукашэнкі заўсёды быў суперсур’ёзны, а зараз ён абсалютны, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё Аляксандр Мілінкевіч. — Ва ўладзе людзі застрашаны так, як не застрашана наша грамадства, хоць яно баіцца. Размаўляць аб такіх кроках, як вызваленне [палітвязняў. — Еўрарадыё], можна толькі з Лукашэнкам і яго блізкім атачэннем. Такія перамовы заўсёды важныя, і напачатку яны робяцца дыпламатамі абсалютна непублічна. Таму што там ідзе размова пра страту твару, пра разбурэнне іміджу “непахіснага”. Але гэта цалкам магчыма.

— Можна размаўляць і з тэрарыстамі, можна размаўляць і з нашай уладай, — працягвае палітык. — Што б я рабіў на месцы Захаду? Калі б сапраўды яны захацелі паспрыяць дэмакратызацыі, выхаду палітвязняў і пераменам на Беларусі, яны павінны былі б сказаць так, як яны кажуць пра Украіну Крамлю. Яны павінны былі б сказаць: мы выдатна разумеем, што вы стаіце за гэтым, пішаце розные сцэнары. Мы ніколі не дазволім ажыццявіць анексію Беларусі. Кожны ваш крок будзе каштаваць вам вельмі-вельмі дорага.

Санкцыі перш за ўсё трэба ўводзіць супраць Крамля за тое, што яны робяць сёння на Беларусі. Тактыку “выпаленай зямлі” выконвае Лукашэнка, але на самай справе гэта стратэгія Расіі. Паставіць свайго і зрабіць транзіт на “выпаленай зямлі” будзе прасцей. Рана ці позна яны адсунуць Лукашэнку, гэта адназначна. Толькі ён усю брудную працу зробіць і Беларусь будзе бязвольная і слабейшая.

Стратэгія Расіі ў Беларусі — “брудная праца чужымі рукамі”
Каму выгадна рабіць брудную працу чужымі рукамі? / Еўрарадыё

На РФ, як ні круці, завязана шмат фінансавых кірункаў. Санкцыі Захаду супраць Расіі могуць стаць не толькі прычынай пагаршэння дыпламатычных адносінаў, але і “эканамічным стрэлам сабе ў нагу”. Ці могуць пайсці на такі крок ЕС і ЗША?

— Захад не заўсёды разумее псіхалогію Пуціна і Лукашэнкі, якія не разумеюць, што такое кампрамісы. Для іх гэта заўсёды слабасць. Гэтыя людзі разумеюць толькі сілу.

Калі Захад хоча дамагчыся геапалітычнай раўнавагі, ён мусіць дэманстраваць сваю сілу. Санкцыі, канешне, б’юць і па Захадзе. Але не так, як гэта апісвае дзяржТБ, — запэўнівае Аляксандр Мілінкевіч. — Я думаю, што пасля Грузіі і Украіны зразумела, якімі метадамі працуе Масква. Трэба спыніць гэтую палітыку і сказаць, што вы нічога не зможаце дамагчыся. Калі Захад будзе ведаць, што рэалізоўваецца тое, што яны [Пуцін з Лукашэнкам. — Еўрарадыё] зараз робяць, то будзе кара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі