Стартуе кампанія па абранні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары

Кампанія па абранні адзінага кандыдата АДС для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах стартуе 1 чэрвеня. Такое рашэнне 27 траўня прыняў прэзідыум Аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
Плануецца, што з 1 верасня 2009-га да 1 сакавіка 2010 года мае прайсці рэгістрацыя прэтэндэнтаў на званне "адзінага кандыдата". Увесь працэс мусіць завяршыцца Кангрэсам АДС, на якім з двух прэтэндэнтаў, што набралі найбольшую колькасць галасоў у першым туры, абіраецца адзіны кандыдат. Гэта запланавана на красавік 2010 года.

“Прэзідыум АДС выступае за тое, каб мы вызначыліся з адным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў. І прапаноўваем распачаць дыскусію і пачаць працу па вызначэнні працэдуры”, — адзначыў Анатоль Лябедзька ў інтэрв'ю Еўрарадыё.