Вы тут

Сталі вядомыя падрабязнасці сектаральных санкцый супраць Беларусі

Сцягі Еўрасаюза​ / office.kobe-u.ac.jp

Афіцыйна апублікаванае рашэнне Еўрапейскага саюза аб увядзенні сектаральных санкцый супраць Беларусі. Дзякуючы дакументу сталі вядомыя некаторыя дэталі новых абмежавальных мер.

Поўны бан на тытунь

Арганізацыі Еўрасаюза цяпер не змогуць пастаўляць любой фізічнай або юрыдычнай асобе ў Беларусі тавары, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці тытунёвых вырабаў. Прычым няма розніцы, выраблены гэты тавар у ЕС ці не: продаж з тэрыторыі Саюза ўсё роўна забаронены.

Нафтапрадукты: ні ўвозіць, ні правозіць

Пад забарону трапляюць купля, увоз ці вываз беларускіх нафтапрадуктаў.

Гэта асноўная прадукцыя "Беларуськалія". Але ёсць для прадпрыемства добрая навіна: як і з іншымі пунктамі, калі дамова ўжо заключаная, пакуль што яна застанецца ў сіле. У тым ліку і на транзіт прадукцыі праз ЕС.

Без інвестыцый і крэдытаў

Еўрапейскім арганізацыям нельга купляць або прадаваць беларускія каштоўныя паперы з тэрмінам пагашэння больш за 90 дзён, па сутнасці гаворка ідзе пра аблігацыі.

Забаронена таксама аказваць інвестыцыйныя паслугі.

Тычыцца забарона толькі дзяржаўных кампаній ці тых, дзе доля дзяржавы большая за 50%.

Яшчэ адным пунктам ідзе забарона на прадстаўленне пазык і крэдытаў на тэрмін больш за 90 дзён. Гэта таксама тычыцца фірмаў, якія належаць дзяржаве.

Ёсць выключэнні: напрыклад, калі пазыка выдаецца для фінансавання імпарту або экспарту (не забароненых у ЕС) у сам Саюз ці трэцюю дзяржаву. Груба кажучы, атрымаць экспартны крэдыт на продаж шакаладак у Зімбабвэ Беларусь зможа, але на гандаль каліем — не.

Без страхавання і міжнародных банкаў

Забароненае страхаванне або перастрахаванне ўрада Беларусі, дзяржорганаў або дзяржарганізацый.

Асобным пунктам у ЕС забараняюць удзельнічаць у дзейнасці, якая можа наўпрост ці ўскосна абысці накладзеныя санкцыі.

Таксама забароненыя любыя выплаты Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (у тым ліку па ўжо заключаных пагадненнях).

Не змогуць у Беларусі дзейнічаць міжнародныя банкі развіцця, часткай якіх з'яўляюцца краіны ЕС, у тым ліку Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Выключэнне — праекты падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу.

Ніякага інтэрнэт-сачэння. Амаль

Еўрасаюз забараняе "прамы або ўскосны продаж" любой фізічнай або юрыдычнай асобе ў Беларусі праграмнага забеспячэння або абсталявання, якое дазваляе праводзіць маніторынг або перахоп тэлефоннай сувязі або інтэрнэт-злучэння.

Праўда, ёсць выключэнні: краіны ЕС могуць ухваліць такую ўгоду, "калі ў іх ёсць разумныя падставы меркаваць, што абсталяванне, тэхналогія або праграмнае забеспячэнне не будуць выкарыстаныя для рэпрэсій з боку беларускага ўрада, дзяржаўных органаў, карпарацый або агенцтваў, а таксама любых фізічных або юрыдычных асоб".

Важны нюанс: па ўсіх гэтых пунктах павінныя быць выкананыя раней заключаныя дамовы, але няма магчымасці здзяйсняць новыя ўгоды.

Без зброі

Забараняецца продаж усіх тавараў і тэхналогій "двайнога прызначэння" — гэта значыць тых, якія могуць быць выкарыстаныя як зброя.

Акрамя таго, арганізацыі ЕС не толькі не могуць пастаўляць такія тавары, але і дапамагаць з фінансаваннем для набыцця.

Усе гэтыя меры ўступаюць у сілу з 25 чэрвеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.