"Сталі дрэнныя". Беларусы пра тое, чаму ў іх знікла жаданне дапамагаць Украіне

Калі сталі апускацца рукі і прыйшло расчараванне / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Калі сталі апускацца рукі і прыйшло расчараванне / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У канцы чэрвеня, пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі зноў паляцелі ракеты ў бок Украіны, на беларусаў абрынулася другая хваля хэйту і папрокаў. Украінцы кажуць, маўляў, нас бамбяць з вашай тэрыторыі, а вы нічога не робіце. Ускладняць жыццё беларусам ва Украіне сталі і на дзяржаўным узроўні: ім не даюць магчымасці падоўжыць віды на жыхарства, штрафуюць і высылаюць з краіны.

Некаторыя нашы суайчыннікі, якія з самага пачатку вайны дапамагалі ўкраінцам і Украіне, мяркуюць, што такое стаўленне несправядлівае. Еўрарадыё даведалася ў іх, што яны рабілі і чаму ў іх апусціліся рукі і дапамагаць яны больш не хочуць.

 

"Зразумеў, што беларусаў, якія дапамагалі, зрабілі крайнімі"

— Я перастаў чытаць навіны пра Украіну. Таму што раз-пораз натыкаюся на публікацыі і каменты да іх пра тое, як жа беларусы вінаватыя перад Украінай, што яны павінны несці адказнасць за дзеянні самазванца, і пра санкцыі, якія да іх трэба ўжыць. Усё гэта паказвае, наколькі ўкраінскі ўрад і ўкраінцы не валодаюць інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў Беларусі.

“Стали плохие”. Белорусы о том, почему у них пропало желание помогать Украине
Антываенны пікет у Варшаве / Еўрарадыё

Такое пачуццё, што ім у галаву нават не прыходзіць думка, чаму такая вялікая колькасць беларусаў раптам апынулася ва Украіне і іншых краінах. І чаму яны лічаць за лепшае заставацца на тэрыторыі краіны, якая ваюе, а не вярнуцца ў Беларусь.

І я нават гатовы пагадзіцца з тым, што беларусы павінны рабіць усё, каб прадухіліць тое, што цяпер адбываецца, любымі спосабамі (хоць яны і так робяць усё, што могуць, проста гэта адмаўляюцца заўважаць). Але, на маю сціплую думку, Украіне трэба пачаць самой прадухіляць некаторыя рэчы. Таму што цяпер яна пажынае плады ў тым ліку дзеянняў свайго ўласнага ўрада.

Калі ў 2020–2021 гадах усіх заклікалі спыніць гандлёвыя адносіны з Беларуссю і перастаць фінансаваць рэжым, Украіна рабіла выгляд, што яе гэта не датычыцца. І, наколькі мне вядома, працягвала купляць, напрыклад, паліва.

Цяпер Украіну заклікаюць сустрэцца з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і перастаць змагацца з тымі беларусамі, якія на яе баку. Але яна і гэта ігнаруе. Таму што працягвае азірацца на Лукашэнку.

Мне вельмі "спадабалася" заява Арастовіча ў эфіры Еўрарадыё пра тое, што Украіна не будзе разрываць з Беларуссю эканамічныя сувязі. Логіка такая? Мы спансуем рэжым, таму што нам гэта выгадна, а вы, беларусы, зрабіце ўсё, каб спыніць вайну і бамбаванні з вашай тэрыторыі?

Арастовіч на Еўрарадыё

Калі ў самым пачатку вайны я захапляўся Зяленскім і ўкраінскім урадам, то цяпер кожны крок, які яны робяць, накіраваны на тое, каб беларусы з хаўруснікаў ператварыліся проста ў абыякавых да гэтага ўсяго людзей.

Я ў сакавіку і красавіку лішні раз у кавярню не хадзіў, нічога лішняга сабе не дазваляў, усё нашаму палку і ўкраінскаму войску пераводзіў. Было проста неяк сорамна весяліцца, калі ў суседняй краіне такое адбываецца. А пасля гісторыі з Анісіяй Казлюк мяне неяк адпусціла. Зразумеў, што беларусаў, якія дапамагалі, зрабілі крайнімі.

 

"Нельга кідаць у бядзе людзей толькі за тое, што цябе не задавальняе палітыка дзяржавы, грамадзянамі якой яны з'яўляюцца"

— Да пачатку вайны я год жыла ва Украіне. З Беларусі вырашыла выехаць таму, што не хацелася сядзець у турме. Уласна, як і тысячам іншых беларусаў. Для жыцця абрала Кіеў. Я магла паехаць у Еўрасаюз — Літву, Латвію, Польшчу, але чамусьці ў першую чаргу падумалася пра Украіну. Там амаль як дома: гаворка знаёмая, людзі блізкія і зразумелыя. Не памылілася, жылося мне ў Кіеве даволі камфортна.

“Стали плохие”. Белорусы о том, почему у них пропало желание помогать Украине
Кіеў у красавіку 2022 года / фота з канала Кіеўскай гарадской рады

За год я зразумела, што многія ўкраінцы маюць вельмі цьмянае ўяўленне пра тое, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе і пасля. Ад некаторых нават чула, маўляў, чаго вам не жылося, у вас парадак, Бацька ўсіх у цуглях трымае, праца ёсць, карупцыі няма і г. д.

Калі пачынала тлумачыць, што ўсё зусім не так, што людзей збіваюць, па турмах саджаюць за проста так, што суткі можна атрымаць за шкарпэткі не таго колеру, не верылі. Частка казала, што пратэставаць беларусы не ўмеюць. Трэба было "як у нас на Майдане". Хоць усё, што гэтыя людзі ведалі пра беларускі пратэст, — што нехта разуўся, каб стаць на лавачку ў часе маршу.

Я выехала з Кіева ў першыя дні вайны. Але не таму, што спалохалася ракет. Хацелася застацца і дапамагаць. Тым больш што за год у мяне з'явіліся там сябры і знаёмыя. Проста ракеты ляцелі з тэрыторыі Беларусі.

І было прадчуванне, што беларусы трапяць пад раздачу за гэта. Бо ўжо напярэдадні беларусаў не пускалі ва Украіну — дапытвалі ў аэрапортах тых, хто прылятаў, разварочвалі. Нават беларускіх музыкаў на канцэрт 14 лютага, які павінен быў прайсці ў Кіеве, не прапусцілі. Так і выйшла.

Калі перасекла мяжу Польшчы, убачыла, што мае ўкраінскія рахункі заблакаваныя. Наяўнымі ў мяне было 60 еўра. Грошы не зняла з картак перад ад'ездам таму, што ў многіх банкаматах іх проста не было. А ў тых, дзе былі, стаялі кіламетровыя чэргі.

Добра, што мне было дзе жыць у Варшаве. Неўзабаве я атрымала заробак і тут жа дзве траціны аддала валанцёрам з машынамі на паліва, каб яны маглі забіраць з мяжы ўкраінцаў, якія ўцякалі, і развозіць іх па польскіх гарадах. Хоць я прыехала з Украіны з адным заплечнікам, у мяне толкам не было адзення і іншых патрэбных рэчаў.

“Стали плохие”. Белорусы о том, почему у них пропало желание помогать Украине
Уцекачы на беларуска-польскай мяжы / Сяргей Гульцоў, Еўрарадыё

Дапамагала шукаць транспарт тым, хто захрас на мяжы і не мог дабрацца куды трэба. Знаёмых украінцаў, якім не было дзе спыніцца ў Польшчы на першы час, пакідала ў сябе. Купляла прадукты і пералічвала грошы тым, хто прыехаў у Польшчу ў зусім бядотным становішчы.

Адпраўляла пасылкі з падарункамі ўкраінскім дзецям, каб неяк падтрымаць. Шукала бронекамізэлькі для знаёмых, якія пайшлі ў ТРА. Я рабіла ўсё, што магла. Але ўсё роўна здавалася, што недастаткова, бо іншыя робяць больш.

Думалася: "Ва ўкраінцаў жа вайна, трэба дапамагаць, ім давялося пакінуць свой дом". Хто ж тады задумваўся, што гэтая ж вайна была і, напрыклад, у мяне, і ў тысяч іншых беларусаў, якія жылі ў Кіеве, Адэсе, Львове і іншых гарадах. І ракеты не выбіраюць, каго забіць — украінца ці беларуса. Загінуць можа кожны.

І мы гэтаксама ўцякалі, як і ўкраінцы. Толькі нас пазбавілі ўмоўнага дома другі раз. Але мы не скардзіліся, усе дапамагалі — валанцёрылі і ў Польшчы, і ва Украіне, пераводзілі грошы, збіралі гуманітарку, а некаторыя нават пайшлі ваяваць.

Дый у самой Беларусі колькіх пасадзілі за антываенны пратэст, пікеты, каментары і іншае? А колькі людзей пацярпела за перадачу інфармацыі пра перасоўванні расійскай тэхнікі? Некаторых за дыверсіі на чыгунцы, каб варожыя боепрыпасы да Украіны не даехалі, могуць расстраляць, улічваючы, што законы ў Беларусі наогул не працуюць!

А цяпер беларусы сталі дрэннымі! Супраць іх Украіна ўводзіць санкцыі: не падаўжае ВНЖ, штрафуе, выдварае з краіны, да гэтага часу не разблакавала банкаўскія рахункі. Санкцыі ў першую чаргу б'юць па тых, хто ёй жа і дапамагае. Таму што прыхільнікам Лукашэнкі ад іх ні горача ні холадна.

Пры гэтым Уладзімір Зяленскі заяўляе, што адказнасць за ракеты, якія ляцяць з тэрыторыі Беларусі, на беларусах. "Адказнасць павінна быць людзей, якія бачаць, што адбываецца. Нельга проста маўчаць і казаць: гэта не мы, гэта з нашай тэрыторыі РФ здзяйсняе гэтыя абстрэлы. Я лічу, гэта несправядліва", — кажа ён.

А я лічу, што несправядліва людзей, якія прайшлі праз турмы, катаванні, збіццё, уцёкі з дому і іншыя нягоды праз барацьбу з рэжымам, вінаваціць у чым-небудзь. Таму што беларусы не гаспадары на сваёй зямлі. Іх дом акупавалі ўжо даўно. Не без падтрымкі таго ж Пуціна, праз якога цяпер пакутуе Украіна.

Чаму б не прапанаваць панесці адказнасць за ракеты, якія ляцяць з тэрыторыі Марыупаля, Херсона і іншых непадуладных Украіне тэрыторый, мясцовым жыхарам? Чаму яны не выйдуць супраць узброеных галаварэзаў з голымі рукамі і не спыняць агонь? Таму што сваіх шкада. А беларусы павінны, іх не шкада.

У святле ўсяго гэтага ў мяне знікла ўсякае жаданне дапамагаць. Бо што б ні зрабіла, ты грамадзянка краіны-суагрэсара. А значыць, дрэнная. Вядома, калі дапамога спатрэбіцца маім украінскім сябрам, я зраблю ўсё магчымае, каб дапамагчы. Бо нельга кідаць у бядзе ні ў чым не вінаватых людзей толькі за тое, што цябе не задавальняе палітыка дзяржавы, грамадзянамі якой яны з'яўляюцца.

Але ў астатнім... Лепш перавяду грошы сем'ям беларускіх палітвязняў, якіх у турмах больш за тысячу. Як выявілася, выратаванне тапельцаў — сапраўды справа рук саміх тапельцаў.

“Стали плохие”. Белорусы о том, почему у них пропало желание помогать Украине
Беларусы падпісваюць паштоўкі для палітвязняў / фота праваабаронцаў

"Цяпер Украіна дыскрымінуе людзей па нацыянальнай прыналежнасці"

— Мая сям'я ў Польшчы жыве ўжо трэці год. Мы купілі тут кватэру. Калі пачалася вайна ва Украіне, і я, і мая жонка рабілі па 6-8 рэйсаў у тыдзень на мяжу на сваіх машынах, каб развозіць уцекачоў. Акрамя таго, мы перасялілі малодшага сына ў пакой да старэйшай дачкі, а ў вызвалены запрашалі пажыць украінскіх мам з дзецьмі. Натуральна, ніякіх грошай мы ні за што не бралі. Гэта было б дзікунствам.

Нашы дзеці параздавалі палову сваіх цацак і адзення ўкраінцам, так пранікліся чужой бядой. Вельмі крануў мяне выпадак, калі майго пяцігадовага сына знаёмыя пачаставалі цукеркамі, а ён іх не стаў есці, аднёс дадому хлопчыку Мікіту, які на той момант у нас жыў. Сказаў: "У Мікіты дома вайна, хай яму будуць!"

І мы, і ўсе нашы сябры-беларусы дапамагалі як маглі, каб хоць неяк аблегчыць жыццё гэтым няшчасным людзям, якія трапілі ў такую жудасную сітуацыю. Трохі астудзіла мой запал украінская жанчына, якую я ў пачатку красавіка падвозіў з мяжы да Лодзі.

Яна ехала з двума дзецьмі з-пад Адэсы. Са мной быў сябар. Калі яна даведалася, што мы беларусы, на нас пасыпаліся прэтэнзіі тыпу "гэта беларусы нас бамбяць, гэта ваш прэзідэнт змовіўся з Расіяй і цяпер забівае нашых людзей, чаму вы яго не зрынулі". Ніякія довады і тлумачэнні наконт сітуацыі ў Беларусі і становішча беларусаў у краіне яна не ўспрымала.

Слухалі мы ўсё гэта трызненне гадзіны дзве. Яе нават не збянтэжыла, што ў цяперашні момант яе ратуюць два беларусы. Скончылася ўсё тым, што мой сябар раззлаваўся і прапанаваў ёй пакінуць машыну, раз мы такія жахлівыя. Гэта яе супакоіла, і мы паехалі далей.

Цяпер падобнае транслюецца ва Украіне на дзяржаўным узроўні. Беларусаў выганяюць з краіны. Чуў, што нават нейкая петыцыя ёсць за тое, каб беларусаў пачаць пускаць толькі па візах.

“Стали плохие”. Белорусы о том, почему у них пропало желание помогать Украине
Штамп аб прымусовым выдварэнні з Украіны ў пашпарце валанцёркі / сацсеткі Карыны Пацёмкінай

Сябры кажуць: "Не прымай на свой рахунак. Гэта Зяленскі толькі пра ябацек кажа. Ён ведае, што мы на іх баку". Але я не магу не рэагаваць, бо я таксама беларус. І на справе ўсе гэтыя "новаўвядзенні" датычацца не ябацек, а менавіта тых, хто застаўся ва Украіне, каб дапамагаць.

Тых, хто пайшоў у ТРА, хто валанцёрствуе, хто там жыў і таксама вымушаны быў уцякаць праз вайну. Украіна тым, што не падаўжае ВНЖ, стварыла велізарныя праблемы беларусам, якія не планавалі адтуль з'язджаць, хто купіў ужо там дамы і кватэры.

Таму я вырашыў больш не прымаць украінцаў, а калі спатрэбіцца, засяліць да сябе беларусаў, якія пацярпелі ад украінскіх рэпрэсій. Тое самае датычыцца і грашовых пераводаў. Лепш паклапачуся пра сябе і сваю сям'ю.

З такім падыходам, я думаю, рана Украіне далі кандыдацтва ў сябры ЕС. Бо цяпер яна дыскрымінуе людзей па нацыянальнай прыналежнасці, нават не ўлічваючы, колькі ўсяго добрага яны для яе зрабілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі