Эксперта па этыкеце Аксану Зарэцкую абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (арт. 342 КК РБ). Пра гэта стала вядома праваабаронцам.
Паводле папярэдняй інфармацыі, суд адбудзецца ў лютым. Разам з Зарэцкай будуць судзіць і заснавальніка кампаніі Astronim, а таксама фестывалю маркетынгу і рэкламы "Белы Квадрат" Багдана Караўца. Яго затрымалі яшчэ ў кастрычніку ў межах крымінальнай справы аб удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Праваабаронцы прызналі Багдана Караўца палітвязнем.
Зарэцкую затрымалі пазней, у канцы снежня, але вядома пра гэта праваабаронцам стала толькі на мінулым тыдні. Аксана Зарэцкая вядомая як трэнер па этыкеце і бізнес-камунікацыях, магістр педагогікі. Уваходзіла ў склад Каардынацыйнай рады.