Стала вядома, калі шэнгенскія візы падаражэюць да 80 еўра

Фота euroby.info
Фота euroby.info

З 2 лютага 2020 года за атрыманне шэнгенскай візы давядзецца заплаціць 80 еўра. Рашэнне Савета Еўрасаюза па зменах у Візавы кодэкс апублікаванае ў афіцыйным часопісе ЕС, піша TUT.by. Папраўкі да правілаў Візавага кодэкса Савет ЕС прыняў 6 чэрвеня.

У лютым 2019 года Еўрапарламент і Савет ЕС дамовіліся аб мадэрнізацыі візавай палітыкі ЕС. Змены ўключаюць палягчэнне працэдуры атрымання візы, а таксама падаражанне "шэнгена" з 60 да 80 еўра. Віза для дзяцей ад 6 да 12 гадоў будзе каштаваць 40 еўра.

Дакументы на атрыманне візы можна будзе падаваць за паўгода, але не пазней чым за 15 дзён да паездкі. Заяўку можна аформіць і падаць у электронным выглядзе. Тэрмін выдачы візаў для грамадзян, якія маюць добрую візавую гісторыю і якія вандруюць рэгулярна, паступова будзе павялічвацца да 5 гадоў.

Паміж Беларуссю і ЕС ужо некалькі гадоў вядуцца перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму. Калі адпаведны дакумент прымуць да ўступлення ў сілу паправак, "шэнген" для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра. Цяпер Мінск і Брусэль павінныя правесці дакумент праз усе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Гэта можа заняць некалькі месяцаў, затым бакі выйдуць на падпісанне дакументаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі