Вы тут

Стала вядома імя беларуса, на якога пачалі "крыміналку" за артыкулы ў Вікіпедыі

Павел Пернікаў

Стала вядома імя брастаўчаніна, якога вінавацяць у дыскрэдытацыі Беларусі праз артыкулы ў Вікіпедыі.

Як высветліла "Медыязона", гаворка ідзе пра Паўла Пернікава. Ён рэдагаваў і пісаў артыкулы на Вікіпедыі з 2014 года, за гэты час зрабіў больш за 84 тысячы правак. Сярод іншага Пернікаў пісаў пра беларускія СМІ, затрыманага журналіста "Камсамольскай праўды ў Беларусі" Генадзя Мажэйку, журналістку TUT.ВY Кацярыну Барысевіч.

27 снежня 2021 года з яго акаўнта ў Вікіпедыі пачаліся дзіўныя праўкі Напрыклад, з артыкула пра Марыю Калеснікаву была выдаленая інфармацыя пра яе статус палітвязня. З артыкула "Спіс загінулых падчас акцыяў пратэстаў у 2020 і 2021 гадах" цалкам знік цэлы раздзел, а з артыкула "Рэжым Лукашэнкі" знік абзац, дзе гаварылася аб рэзалюцыі кангрэса ЗША з асуджэннем фальсіфікацый на выбарах, рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў і нелегітымнасць рэжыму.

Пазней Вікіпедыя заблакавала акаўнт Пернікава з прычыны верагоднага захопу.

Як распавядала Еўрарадыё, на брастаўчаніна пачалі крымінальную справу па артыкуле 369-1 КК (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Яго справа перададзеная ў суд.

Пад крымінальнай справай знаходзіцца яшчэ адзін вядомы аўтар і рэдактар Вікіпедыі — Марк Бернштэйн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.