Вы тут

Спыталі ва ўкраінцаў, ці чакаюць яны рэальнай вайны паміж Расіяй і Украінай

Фота носіць ілюстрацыйны характар / Мінабароны Беларусі

Сітуацыя на мяжы Украіны і Расіі ўжо не першы месяц абвастраецца. У першай запасаюцца зброяй, інструктуюць насельніцтва, як дзейнічаць, калі раптам нападуць. У другой падганяюць тэхніку і войскі бліжэй да Украіны. Еўрарадыё запыталася ва ўкраінцаў, ці будзе, на іх думку, вайна паміж Расіяй і Украінай і што яны ў гэтым выпадку збіраюцца рабіць.

Марыя Пашчанка: "Калі моцна запахне смажаным, я адразу ж з'еду"

— Калі шчыра, я не вельмі цікаўлюся палітыкай. Можа, таму мяне вельмі палохаюць усе гэтыя рассылкі з картамі бамбасховішчаў, інструкцыямі, як дзейнічаць у выпадку нападу Расіі, і падобнае. Увесь час у навінах мільгаюць паведамленні, што Пуцін сцягвае войскі і тэхніку бліжэй да нашай мяжы, ва Украіну звозяць зброю. Гэта выглядае якраз як падрыхтоўка да вайны.

Акрамя таго, увесь гэты канфлікт нават не зусім украінска-расійскі. Ён цікавы і трэцім асобам — Еўрасаюзу, ЗША. І нават калі ні Украіна, ні Расія не стануць рабіць нейкіх актыўных крокаў, то алею ў агонь можа падліць хтосьці яшчэ.

Я ўжо даўно падумвала пра пераезд у Польшчу, нават вывучыла мову. Таму, калі моцна запахне смажаным, я адразу ж з'еду. Тым больш што мне нават не трэба перавозіць кудысьці бацькоў. Яны ўжо жывуць за мяжой.

Уладзімір Пятровіч: "Я не чакаю адкрытай агрэсіі з бамбаваннем, стральбой і іншым"

— Я думаю, што тое, што адбываецца паміж Расіяй і Украінай, і ёсць ужо вайна. Цяпер для таго, каб разваліць нейкую дзяржаву, не патрэбныя ні танкі, ні самалёты. Не трэба страляць і кагосьці забіваць. Дастаткова стварыць бачнасць пагрозы адкрытага канфлікту і ўвесь час падаграваць сітуацыю інфармацыйна, нагнятаць у СМІ.

Праз усю гэтую істэрыю вельмі моцна пакутуе эканоміка. Прычым не толькі ўкраінская, але і расійская. Проста ў Расіі запас трываласці большы: ёсць свабодны доступ да энергарэсурсаў і дзярждоўг досыць маленькі. Ва Украіны ўсё не так радасна, таму без дапамогі Еўрасаюза і Амерыкі мы загнёмся значна хутчэй.

Бразганне зброяй на мяжы вядзе да больш высокай інфляцыі, падзення грыўні, адтоку замежных інвестараў і таго падобнага. Ніхто не ведае, калі сітуацыя разрадзіцца. Гэта можа доўжыцца месяцы і нават гады. Наколькі пагоршыцца жыццё ўкраінцаў пры гэтым, таксама можна толькі меркаваць.

Я не чакаю адкрытай агрэсіі з бамбаваннем, стральбой і іншым. Таму што расійская ўлада не такая дурная. У гэтым няма логікі, бо ў выпадку вайны з Украінай супраць Расіі ўвядуць жорсткія санкцыі і ЕС, і ЗША. Але калі раптам усё ж пачнуцца нейкія актыўныя дзеянні, то я зраблю ўсё магчымае, каб мае дзеці і ўнукі выехалі з краіны. Магчыма, і сам выеду.

Аляксей Серкутан: "Усё пытанне заключаецца ў тым, наколькі Крэмль наогул рацыянальны"

— Цяпер групоўка на мяжы з Украінай у разы большая, чым у самыя гарачыя фазы канфлікту, але ўкраінскае войска моцна змянілася. Яно не гатовае да маштабнай манеўранай вайны. Аднак у пазіцыйнай адчувае сябе ўпэўнена. Прарасійская частка насельніцтва на ўсходзе пасіўная і не акажа істотнай падтрымкі акупантам у выпадку беспасярэдняй інтэрвенцыі. Праўкраінская ж частка гатовая да жорсткага супраціву.

З рацыянальнага пункту гледжання Расія не атрымае нічога добрага пры спробе "адкусіць" новыя тэрыторыі. Усё пытанне заключаецца ў тым, наколькі Крэмль наогул рацыянальны. Большасць публічных заяў афіцыйных прадстаўнікоў РФ адарваныя ад рэальнасці і балансуюць на мяжы маніпуляцый і адкрытай шызафрэніі.

Андрэй Шаўчэнка: "Здымкі са спадарожнікаў з войскамі на мяжы, вайсковая тэхніка асабіста мне аптымізму не дадаюць"

— У мяне на гэты конт дваякае меркаванне. Калі разважаць лагічна, то ўзброены канфлікт Расіі і Украіны нікому не цікавы. Гэта вельмі затратна, падрывае эканоміку, цягне за сабой санкцыі і іншыя непрыемнасці. Дый наогул, гэта больш разборкі Расіі з НАТА, чым з Украінай. Наколькі я разумею, Расія хоча змяніць рэжым бяспекі ў Еўропе і мець больш улады там.

Ну і мне здаецца, трымаць людзей у падвешаным стане, як гэта адбываецца цяпер, куды больш дзейсна, чым пераходзіць у адкрытую атаку. Можа, гэта і ёсць тактыка Расіі.

З іншага боку, усё можа быць. Таму што логікі ў свеце наогул не так шмат. Асабліва калі гаворка ідзе пра палітыку. Добры прыклад гэтаму тое, што адбываецца ў вас у Беларусі. Цалкам ірацыянальная карціна, тым не менш пакуль уся гэтая сістэма дзейнічае.

Здымкі са спадарожнікаў з войскамі на мяжы, вайсковая тэхніка і гэтак далей у кожным разе асабіста мне аптымізму не дадаюць. Паддавацца паніцы, збіраць рэчы і проста цяпер кудысьці з'язджаць я, вядома, не буду. Але калі сітуацыя пагоршыцца, я пра гэта падумаю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.