Спыніце гвалт над праўдай і людзьмі — АГП звярнулася да суддзяў і сілавікоў

Вярхоўны суд Беларусі / Еўрарадыё​
Вярхоўны суд Беларусі / Еўрарадыё​

З заклікам спыніцца і не ўдзельнічаць больш у гвалце над праўдай і людзьмі звярнулася да суддзяў і сілавікоў палітрада Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі.

"Рэжым аказаўся як у знешняй, так і ва ўнутранай ізаляцыі, і асноўны інструмент, які дазваляе захаваць ілюзію яго ўлады, — гэта гвалт",адзначылі аўтары звароту.

Яны нагадалі, што ў зняволенні ўжо доўгі час знаходзяцца намеснік старшыні АГП Аляксандр Кабанаў, сябры палітрады Леанід Судаленка і Сяргей Альшэўскі, сябра Нацыянальнага камітэта Уладзімір Няпомняшчых. Затрыманыя экс-лідар АГП Анатоль Лябедзька і кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Уладзімір Шанцаў. Фігурантам крымінальнай справы стаў і цяперашні старшыня АГП Мікалай Казлоў.

Пры гэтым верхавенства права ў цяперашняй Беларусі не працуе. Замест яго дзейнічае прынцып "часам не да законаў".

"Мы патрабуем, каб супрацоўнікі сілавых структур спынілі злачынную практыку адвольных затрыманняў, фабрыкавання палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў", — гаворыцца ў звароце.

Палітрада АГП заклікала суддзяў і сілавікоў "вярнуцца ў прававое поле, спыніць бессэнсоўную барацьбу з нацыянальнымі сімваламі Беларусі і пераслед людзей за выказванне іх грамадзянскай пазіцыі".

Фраза "часам не да законаў" належыць Аляксандру Лукашэнку. У верасні 2020 года падчас прадстаўлення новага генпракурора Андрэя Шведа ён сказаў, што не заклікае супрацоўнікаў Генпракуратуры парушаць законы, але калі трэба спыніць "нахабную інтэрвенцыю", "там часам не да законаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі