Спыніць катаванні — у ПАРЕ падрыхтавалі даклад аб сітуацыі ў Беларусі

Штаб-кватэра Рады Еўропы ў Страсбургу ​/  flickr.com
Штаб-кватэра Рады Еўропы ў Страсбургу ​/  flickr.com

У парадак дня вясновай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) будзе ўнесены даклад "Парушэнні правоў чалавека ў Беларусі патрабуюць міжнароднага расследавання". Напярэдадні дакумент быў разгледжаны і ўхвалены Камітэтам ПАРЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека.

Камітэт заклікаў беларускія ўлады "вызваліць усіх палітвязняў, спыніць акты катаванняў, забяспечыць справядлівае судовае разбіральніцтва і свабоду СМІ", паведамляе БелаПАН.

Аўтар дакладу дэпутат з Францыі Аляксандра Луі напісала на сваёй старонцы ў Facebook, што ПАРЕ падтрымлівае беларусаў.

"Усе краіны павінны мабілізавацца для вызвалення палітычных зняволеных і супраць адвольных рэпрэсій!", — напісаў ён у каментары да навіны аб тым, што камітэт ухваліў яго даклад.

Мяркуецца, што акрамя дакладу аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі на сесіі ПАРЕ будзе абмяркоўвацца пытанне аб неабходнасці правядзення ў краіне рэформы выбарчага заканадаўства.

Вясновая сесія ПАРЕ пройдзе ў Страсбургу 19-22 красавіка.

Дэлегацыя ПАРЕ не ўдзельнічала ў назіранні за апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Занадта позна даслалі запрашэнне, тлумачылі сваё рашэнне не ехаць у Мінск еўрапейскія парламентарыі. Яшчэ адной прычынай, чаму дэлегацыя ПАРЕ не стала назіраць за гэтымі выбарамі стала тое, што Мінск гэтым разам не запрасіў назіральнікаў з іншых еўрапейскіх арганізацый, у тым ліку БДІПЧ АБСЕ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі