Спявачка Мерыем Герасіменка не выйшла на волю пасля 15 сутак

Пасля 15 сутак арышту не выйшла на волю спявачка Мерыем Герасіменка. Мяркуючы па ўсім, у яе адбыўся яшчэ адзін суд, піша zerkalo.io.

Дзяўчыну затрымалі пасля таго, як у бары "Банки-Бутылки" 3 жніўня яна праспявала песню гурта "Акіян Эльзы". 6 жніўня стала вядома, што ёй прысудзілі 15 сутак. Але дакладная дата суда была невядомая (4 ці 5 жніўня), як і артыкул, паводле якога яе судзілі. 

У канцылярыі суда Цэнтральнага раёна Мінска кажуць, што 10 жніўня дзяўчыну судзілі яшчэ раз і прысудзілі ёй 15 сутак. Паведамляецца, што судзілі спявачку паводле артыкула 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Уладальнік бара Андрэй Жук, як паведамлялася раней, асуджаны на 30 сутак. Сам бар не працуе з 12 жніўня — "па тэхнічных прычынах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.