Спроба нумар два — у Грузіі адбудзецца другі тур прэзідэнцкіх выбараў

Фота: Reuters
Фота: Reuters

Дыяна Петрыяшвілі, "Медыясетка"

Па матэрыялах JAMnews і "Каўказскага вузла"

Другі тур прэзідэнцкіх выбараў пройдзе 28 лістапада. Выбаршчыку трэба выбраць паміж Саломэ Зурабішвілі, якую падтрымліваюць ўлады, і апазіцыйным кандыдатам Грыголам Вашадзэ, які прадстаўляе апазіцыйны "Нацыянальны рух" — ён кіраваў падчас прэзідэнцтва Міхаіла Саакашвілі.

Гэта пятыя выбары прэзідэнта Грузіі і апошнія прамыя — наступнага прэзідэнта абярэ ўжо выбарчая калегія.

 

Чаму спатрэбіўся другі тур?

Роўна месяц таму, на выбарах 28 кастрычніка, ніводнаму з кандыдатаў не ўдалося набраць больш за палову галасоў, таму прыйшлося прызначыць другі тур. Пры гэтым розніца паміж фаварытамі прэзідэнцкай гонкі склала менш за адзін працэнт: за Саломэ Зурабішвілі прагаласавалі 38,64 працэнта выбаршчыкаў, а за Грыгола Вашадзэ — 37,74 працэнта. Акрамя таго, Вашадзэ перамог сваю саперніцу ва ўсіх буйных гарадах. Характэрна, што раней прэцэдэнтаў другога тура ў Грузіі не здаралася, усіх папярэдніх прэзідэнтаў у грузінаў атрымлівалася выбраць з першага разу.

 

Хто кандыдаты?

Зурабішвілі з'яўляецца незалежным кандыдатам, але толькі фармальна — яе адкрыта падтрымлівае ўлада, якая, на дзіва назіральнікам, у гэты раз вырашыла свайго кандыдата не вылучаць.

Грыгол Вашадзэ — прадстаўнік апазіцыйнай кааліцыі "Сіла ў адзінстве" і ўдзельнік партыі экс-прэзідэнта Саакашвілі "Нацыянальны рух". Абодва кандыдаты — кадравыя дыпламаты і былыя міністры замежных спраў ва ўрадзе Саакашвілі; абодвух былы грузінскі прэзідэнт "выпісаў" з-за мяжы. Унучка грузінскіх эмігрантаў, Зурабішвілі прыехала з Парыжа, дзе яна шмат гадоў працавала ў французскім МЗС. Вашадзэ таксама працаваў у МЗС, але савецкім: ў 1990 годзе сваю дыпламатычную кар'еру ён прыпыніў і аж да пераезду ў Грузію (пасля аксамітнай рэвалюцыі 2003 году) працаваў імпрэсарыа сваёй жонкі — сусветна вядомай грузінскай балерыны Ніны Ананіяшвілі.

Вашадзэ застаўся верным паплечнікам Саакашвілі, а Зурабішвілі неўзабаве пасля пераезду ў Грузію пасварылася з Саакашвілі і сышла ў апазіцыю.

Попытка номер два — в Грузии пройдёт второй тур президентских выборов
Фота: Reuters

Хто пераможа?

Назіральнікі лічаць, што сілы кандыдатаў прыкладна роўныя: Зурабішвілі падтрымлівае ўлада і адміністрацыйны рэсурс, але за Вашадзэ, хутчэй за ўсё, аддадуць галасы не толькі прыхільнікі "нацыяналаў", але і прадстаўнікі іншых апазыцыйных сілаў. Акрамя таго, эксперты лічаць, што на яго карысць кажа расчараванне ўладамі, якое адчувае вялікая частка электарату:

"Большасць грузінскіх выбаршчыкаў не бачаць партый і кандыдатаў, якія абаранялі б іх інтарэсы, і таму ім не так важна, за каго аддаць свой голас, ім важней пакараць ўрад", — сказаў публіцыст Заал Андранікашвілі JAMnews.

 

Як праходзіла перадвыбарчая кампанія?

Многія назіральнікі адзначалі, што яна была беспрэцэдэнтна скандальнай. Першаму туру папярэднічала абнародаванне серыі кампраматаў і публічных выкрыванняў. Характэрна, што абодва кандыдаты абвінавачвалі адзін аднаго ў прыхільнасці да прарасійскай палітыкі: сапернікі Вашадзэ не маглі дараваць гэтаму кандыдату маскоўскай часткі яго біяграфіі, а Зурабішвілі абвінавацілі ў абароне інтарэсаў Крамля пасля яе заяў пра тое, што грузіна-расійскую вайну ў жніўні 2008 года пачала Грузія. Гэта вельмі непапулярная і для многіх у Грузіі балючая версія.

Перад другім турам сітуацыя напалілася яшчэ больш, у Тбілісі прайшло некалькі акцый пратэсту, арганізаваных прыхільнікамі розных кандыдатаў, паведамлялася пра нападзенні на актывістаў апазіцыйнага "Адзінага нацыянальнага руху".

Падчас перадвыбарчай кампаніі было некалькі эпізодаў, якія выклікалі сур'ёзныя пытанні назіральнікаў. Пра іх — ніжэй.

 

Чаму гэтыя выбары — асаблівыя?

Цяперашнія выбары — апошнія прамыя выбары прэзідэнта Грузіі. З 2024 года яго будзе выбіраць выбарчая калегія, якая складаецца з 300 дэлегатаў.

Прэзідэнцкія паўнамоцтвы ў Грузіі істотна скараціліся пасля паправак у Канстытуцыю, унесеных у 2010 годзе; яны скароцяцца яшчэ больш у выніку змяненняў, прынятых у 2017-м.

Грузінскі прэзідэнт па-ранейшаму можа мілаваць асуджаных, даваць грамадзянства Грузіі і прадстаўляць краіну на міжнароднай арэне, але ўсе крокі пры гэтым павінны быць узгодненыя з урадам. Прэзідэнт ўпаўнаважаны прызначаць мясцовыя, парламенцкія, і датэрміновыя выбары. Згодна з новай канстытуцыяй, прэзідэнт, у прыватнасці, пазбаўляецца права "прасіць абмеркавання пытання на пасяджэнні ўрада і браць удзел у гэтым абмеркаванні", а таксама з яго здымаецца абавязак "забяспечваць функцыянаванне дзяржаўных органаў у межах канстытуцыйных паўнамоцтваў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі