Справу п'янага кіраўніка ДАІ, які на аўто збіў жанчыну, перадалі ў суд

Справу былога часовага выканаўцы абавязкаў ДАІ Баранавіцкага раёна перадалі ў суд. Пра гэта агенцтву БелаПАН распавяла памочнік старшыні Брэсцкага абласнога суда Марына Скалковіч. Разглядаць яе будзе суд Ляхавіцкага раёна, але дата судовага працэсу пакуль не прызначаная.

Экс-даішнікі вінавацяць у парушэнні правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека.

ДТЗ, якое прывяло супрацоўніка ДАІ на лаву падсудных, адбылося 26 лістапада 2016 года. Кіраўнік Баранавіцкай ДАІ ехаў п'яным на ўласным аўто — не ў форме і ў вольны час. На трасе каля вёскі Дарава ў Ляхавіцкім раёне ён збіў 36-гадовую жанчыну. Маці дваіх дзяцей загінула на месцы.

Пасля аварыі кіроўцу затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 29 лістапада яго ўзялі пад варту. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч вельмі рэзка выказаўся пра гэты выпадак і паведаміў, што супрацоўнікі ДАІ праходзяць праверку на паліграфе.

Як выявіла следства, праведзенае ўпраўленнем Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці, у момант ДТЗ жанчына ішла па пешаходным пераходзе. Аўтамабіль рухаўся з хуткасцю, большай за 60 км/гадз.