Справа самалёта Іл-76, затрыманага ў Тайландзе, перададзеная ў пракуратуру

Паліцэйскае расследаванне па справе экіпажа самалёта Іл-76, затрыманага ўладамі Тайланда ў снежні 2009 года з грузам паўночнакарэйскай зброі на борце, скончана. Пра гэта паведаміла РІА "Новости" са спасылкай на тайландскую газету The Nation. Па звестках выдання, 13 студзеня паліцыя перадала справу ў пракуратуру, якая паводле мясцовага заканадаўства разглядае дакументы следства і вызначае наяўнасць ці адсутнасць складу злачынства ў дзеяннях падследных. Пры наяўнасці злачынства справа перадаецца ў суд. Пры адсутнасці складу злачынства ці цвёрдых доказаў віны пракуратура адмаўляе ў судовым пазове, і суд пастанаўляе закрыць крымінальную справу і вызваліць падследных.

Самалёт Іл-76 быў затрыманы на пачатку снежня тайландскімі ўладамі падчас тэхнічнай пасадкі ў Бангкоку для дазапраўкі палівам, нагадвае БелаПАН. Пры аглядзе на борце была знойдзеная зброя — гранатамёты, дэталі партатыўных зенітна-ракетных комплексаў і выбухоўка. Зброя была схавана ў скрыні з маркіроўкай грамадзянскага грузу.

Экіпажу, які складаецца з чатырох грамадзян Казахстана і грамадзяніна Беларусі Міхаіла Петуховы, выставілі абвінавачанні ў нелегальным захоўванні зброі і паведамленні заведама ілжывых звестак пра характар грузу тайландскім афіцыйным асобам. Чальцы экіпажа адмаўляюць гэтыя абвінавачанні і заяўляюць, што не ведалі пра сапраўдны характар грузу, спакаванага ў апламбаваныя скрыні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі