Вы тут

"Справа медыкаў": у Мінску судзяць акадэміка Бялецкага

Аляксандр Бялецкі / tut.by

11 лютага ў Мінску пачаўся яшчэ адзін суд па гучнай "справе медыкаў". Перад судом пастаў акадэмік, лаўрэат дзяржпрэміі Аляксандр Бялецкі. Дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі вінавацяць у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

Пасля затрымання медыка КДБ абнародаваў здымкі ператусу ў яго дома. На відэа былі бачныя пачкі грошай. Гаварылася, што пра 500 тысяч долараў, якія знайшлі дома ў Бялецкага. Старшыня КДБ Валерый Вакульчык казаў, што галоўнага траўматолага краіны затрымалі за тое, што браў хабар з камерцыйных структураў, якія рамантавалі і абслугоўвалі медабсталяванне. 

Сябар акадэміка Сяргей Сомаль паведаміў парталу tut.by, што гаворка ішла не пра наяўныя грошы, а пра агульную суму ў эквіваленце. "Напрыклад, у гэты кошт ўвайшоў дарагі гадзіннік", — упэўнены Сяргей.

Падcуднаму акадэміку 61 год. Цяпер ён пенсіянер. На судзе ён паведаміў, што быў пад вартай з 5 ліпеня 2018 года па 3 студзеня 2019 года. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.