Споўнілася 50 гадоў масавым беспарадкам у Слуцку, калі натоўп спаліў суд

Споўнілася 50 гадоў масавым беспарадкам у Слуцку, калі натоўп спаліў суд

12 кастрычніка споўнілася 50 гадоў масавым беспарадкам у Слуцку, калі натоўп спаліў раённы суд разам з суддзёй Галінай Аляксеевай. У 1967-м увесь гэты горад на працягу некалькіх дзён сачыў за судовым працэсам над загадчыкам аддзела культуры Слуцкага гарвыканкама 28-гадовым Генадзем Гапановічам і 25-гадовым Леанідам Сыцько. Іх абвінавачвалі ў забойстве Аляксандра Мікалаеўскага. Распаўсюджваліся чуткі, што Мікалаеўскі — сын партызана, а Гапановіч — сын паліцая. 12 кастрычніка каля будынка суда сабралося каля 3 тысяч чалавек, якія пачалі патрабаваць выдаць ім для самасуда Генадзя Гапановіча (людзі думалі, што справядлівага прысуду камуністу не будзе). Падраздзяленне ўнутраных войск выкарыстала супраць людзей слёзацечны газ. У адказ салдат закідалі каменнем (пацярпелі каля 40 вайскоўцаў), а пасля падпалілі будынак. Акрамя суддзі загінуў афіцэр міліцыі Станіслаў Татур, якога пераблыталі з Гапановічам і моцна збілі. Пасля таго, як суд згарэў, натоўп разышоўся. А мясцовыя ўлады баяліся штурму і сабраліся ў будынку гарсавета, дзе іх ахоўвалі аўтаматчыкі.

Расследаванне “слуцкай справы” праводзіла следчая група КДБ з Масквы. Дваіх удзельнікаў падпалу паводле рашэння суда расстралялі, паўтара дзясятка атрымалі тэрміны зняволення ад 6 да 15 гадоў. Агулам да рознай адказнасці былі прыцягнуты каля 70 чалавек. Было заменена ўсё савецкае і партыйнае кіраўніцтва горада, мясцовых праваахоўных органаў. У Слуцку яшчэ нейкі час сітуацыя працягвала заставацца напружанай, у насельніцтва захоўваліся пратэстныя настроі. Што да Генадзя Гапановіча, дык пазней ён быў асуджаны на 8 гадоў зняволення (падчас масавых беспарадкаў яго змаглі вывезці з горада), пасля вызвалення жыў у Баранавічах, дзе і памёр 11 гадоў таму.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі