Вы тут

Спартсмен з каранавірусам ехаў з Мінска ў Гомель цягніком

Фота з сацсетак

11 сакавіка стала вядома пра 12-ы выпадак заражэння кітайскім каранавірусам у Беларусі. Паводле інфармацыі Еўрарадыё, вірус прывёз у Беларусь з Партугаліі 20-гадовы гомельскі спартсмен Аляксей З.

"Дактары нічога не кажуць — зачынілі ў боксе на каранцін", — кажа хлопец.

На мінулым тыдні Аляксей З. у складзе зборнай Беларусі выступаў на этапе Кубка свету па акрабатыцы ў партугальскім горадзе Мая. Каманда вярнулася на радзіму яшчэ 9 сакавіка.

Па прылёце ў мінскі аэрапорт Аляксей здаў аналіз і, паколькі адчуваў сябе добра, паехаў у Гомель цягніком. Тым жа цягніком вярталіся яшчэ 10 спартсменаў з каманды.

Хлопца і членаў яго сям'і змясцілі ў каранцін у гомельскую бальніцу 10 сакавіка — пасля таго, як аналіз даў станоўчы вынік.

Яшчэ адзін беларускі ўдзельнік спаборніцтваў, Артур Б., расказаў Еўрарадыё, што на каранцін змясцілі ўсю зборную па акрабатыцы, якая вярнулася з Партугаліі, — 21 або 22 чалавекі.

Начальніца нацыянальнай зборнай па акрабатыцы Ганна Дудкоўская адмовілася каментаваць сітуацыю: "Па ўсе каментары звяртайцеся ў Міністэрства спорту".

Дарэчы, з Партугаліі нашы спартсмены прывезлі не толькі каранавірус, але і тры медалі: два серабры і бронзу. Медаль за трэцяе месца якраз-такі заваяваў Аляксей З. Віншуем і жадаем хутчэйшага выздараўлення!

У Партугаліі на цяперашні момант зафіксаваны 41 выпадак заражэння каранавірусам.

   

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.