Вы тут

Спартсмен праплыў 980 км па Дняпры, каб прыцягнуць увагу да праблем экалогіі

Спартсмен Міхаіл Раманішын здзейсніў заплыў на 980 кіламетраў па Дняпры / "Вгору"

Украінскі спартсмен Міхаіл Раманішын праплыў 980 кіламетраў па Дняпры. Мэтай заплыву было прыцягненне ўвагі грамадства да экалагічных праблем і стану ракі, паведамляе "Грамадскае".

"У нас вялікія экалагічныя праблемы. Гэта ўжо не рака — гэта балота. Мне вельмі шкада, што мае дзеці жывуць у гэтым свеце, дзе такое адбываецца з нашай непаўторнай прыродай. Краіна выдатная, з вады адкрываюцца такія віды, але па вадзе сцелецца невыносны пах. Нам трэба нешта мяняць, тое, што асядае на паверхню вады з-за нас, не павінна там быць", — адзначыў Раманішын, каментуючы мэту заплыву.

У рамках праекта #ВплавДніпро спартсмен стартаваў ад украінска-беларускай мяжы 5 жніўня. Фінішаваў у Херсоне 10 верасня. Раманішын праплываў за дзень у сярэднім 28 км, найбольшая адлегласць, якую ён пераадолеў за раз, — 37 км. Яго суправаджала шлюпка, а таксама Міхаіл рэгулярна здаваў аналізы (для ўпэўненасці, што стан яго здароўя не пагоршыўся).