Вы тут

Соф'ю Сапегу і Рамана Пратасевіча перавялі пад хатні арышт

Соф'я Сапега / фота з сацсетак

Сяброўку Рамана Пратасевіча Соф'ю Сапегу, затрыманую ў Мінску, перавялі пад хатні арышт. Пра гэта Бі-Бі-Сі паведамілі яе бацькі.

Цяпер дзяўчына жыве адна ў арандаванай кватэры ў Мінску. Іншых падрабязнасцей пакуль няма.

Пад хатнім арыштам знаходзіцца і сам Раман Пратасевіч. Пра гэта журналістам Бі-Бі-Сі расказаў яго бацька Дзмітрый. Ён удакладніў, што Пратасевіч і Сапега знаходзяцца пад поўным кантролем уладаў, абвінавачанні з іх ніхто не зняў.

Днямі Пратасевіча і Сапегу бачылі ў парку Горкага, дзе яны, як паведамлялася, здымаліся для дзяржаўнай тэлевізіі. Падрабязнасці гэтых здымак таксама невядомыя.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка казаў, што напярэдадні рашэння па новых санкцыях кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей прапаноўваў некаторым еўрапейскім калегам перавесці пад хатні арышт Сапегу, Пратасевіча і некаторых затрыманых журналістаў.

Раней бацька Соф'і запісаў відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай памілаваць яго дачку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.