СМІ назвалі імя расійскага актывіста, які ўцёк ва Украіну
Імя расійскага актывіста, які папрасіў прытулку ва Украіне, назвала hromadske.ua. Са спасылкай на самога расіяніна паведамляецца, што гэта 36-гадовы маскоўскі апазіцыянер Раман Раслоўцаў.
У каментары журналістам Раслоўцаў паведаміў: "Прычына, чаму я вырашыў прасіць прытулку ва Украіне, — немагчымасць працягваць пратэстную дзейнасць у Расіі. Ля майго дома ў Маскве дзяжурылі работнікі ФСБ, таму ніякіх рэчаў я з сабой не браў, прыехаў сюды ні з чым".
Паведамляецца, што з афіцыйным зваротам у міграцыйную службу Раслоўцаў плануе пайсці ў панядзелак, 22 жніўня.
Раслоўцаў заняўся актыўнай пратэстнай дзейнасцю з лістапада 2013 года. Найбольш вядомыя яго акцыі ў масцы кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна. Паведамляецца пра 11 такіх акцыяў — кожны раз супрацоўнікі паліцыі затрымоўвалі яго і адбіралі маску. Агулам на рахунку Раслоўцава на сёння 26 затрыманняў за вулічныя акцыі.
Пра пераезд актывіста ва Украіну сёння паведаміла памежнікі гэтай дзяржавы. Па іх словах, расійскі пісьменнік і вядомы грамадскі дзеяч папрасіў прытулку з палітычных прычынаў. Імя яго памежнікі не называлі. Ва Украіну ён прыбыў праз Беларусь.