Следства: Аўтамабіль, які збіў пешаходаў каля ГЦ "Замак", мог выехаць на газон

Следства: Аўтамабіль, які збіў пешаходаў каля ГЦ "Замак", мог выехаць на газон

Галоўнае следчае ўпраўленне Следчага камітэта завяршыла расследаванне крымінальнай справы на кіроўцу, які наехаў на групу пешаходаў каля гандлёвага цэнтра "Замак" у Мінску.

ДТЗ адбылося 2 снежня 2017 года каля 17-й гадзіны. 55-гадовы кіроўца грузавога аўтамабіля ЗІЛ-5301 на праспекце Пераможцаў наехаў на групу пешаходаў, якія пераходзілі праезную частку на дазвольны сігнал святлафора. На месцы аварыі загінула 11-гадовая дзяўчынка, 
траўмы атрымалі яе 7-гадовы брат і 56-гадовая бабуля і яшчэ два пешаходы. 

Следства выявіла, што тэхагляд аўтамабіля не праводзіўся з 2015 года. У жніўні 2017-га кіроўцу прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за адсутнасць тэхагляду.

Аўтатэхнічная экспертыза выявіла, што тармазная сістэма, рулявое кіраванне і хадавая частка грузавіка былі няспраўныя. На адным з колаў была цалкам зношаная тармазная накладка. Гэты аўтамабіль не мог быць дапушчаны да ўдзелу ў дарожным руху.

Следства выявіла, што кіроўца бачыў забараняльны сігнал святлафора і меў магчымасць спыніць аўтамабіль перад стоп-лініяй толькі пры ўмове спраўнасці тармазоў. Таксама кіроўца меў магчымасць адвесці аўтамабіль ад пешаходнага пераходу, выехаўшы на газон або агароджу, што дапамагло б прадухіліць трагедыю.

Следства высунула кіроўцу абвінавачанне ў парушэнні правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання іншаму чалавеку. Мужчына цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд. Кіроўца застаецца пад вартай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі