СК РФ праверыць супрацоўніка RT, які заклікаў паліць і тапіць украінскіх дзяцей

Антон Красоўскі / скрыншот відэа
Антон Красоўскі / скрыншот відэа

Кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін даручыў праверыць выказванні медыяменеджара Антона Красоўскага пра дзяцей у эфіры RT.

Кіраўніку Галоўнага следчага ўпраўлення па Маскве Стрыжову "даручана прадставіць даклад па сітуацыі, якая ўзнікла ў эфіры тэлевізійнага канала", гаворыцца ў паведамленні прэс-службы расійскага СК. Там удакладнілі, што да Бастрыкіна з просьбай правесці праверку звярнуўся адзін з карыстальнікаў сацсетак.

Перадгісторыя такая: днямі ў эфіры сваёй аўтарскай праграмы Красоўскі гутарыў з пісьменнікам-фантастам Сяргеем Лук'яненкам. Той успомніў, як у дзяцінстве адпачываў ва Украіне. І мясцовыя падлеткі расказвалі яму, што іх рэспубліка акупаваная Расіяй. Красоўскі ў адказ сказаў, што "проста тапіць гэтых дзяцей трэба. Сказаў, што маскалі акупавалі — адразу кідаеш у раку з бурным цячэннем". Таксама ён прапанаваў такіх дзяцей спальваць.

"Карпаты — гэта агідна. У іх там кожная хата называецца "смерекова хата". Проста ў гэтую "смерекову хату" забіваць і паліць", — сказаў Красоўскі.

Пасля таго як у сацсетках паднялася хваля абурэння, кіраўніца RT Маргарыта Сіманьян назвала гэтыя выказванні свайго супрацоўніка "дзікімі і агіднымі", а таксама заявіла, што супрацоўніцтва з ім прыпыненае.

Сам Красоўскі сёння напісаў у сваім Telegram-канале, што яму "сапраўды няёмка" за тое, што "не ўбачыў мяжы". Раней ён ужо неаднаразова дазваляў сабе вельмі рэзкія і хамскія выказванні. У прыватнасці, летась заявіў, што "не лічыць Беларусь асобнай краінай", а лічыць яе "шасцю абласцямі Расійскай Федэрацыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі