"А ці я ўвогуле яго глядзеў?". СК пацвердзіў крымінальную справу за кліп "Pussy"

"А ці я ўвогуле яго глядзеў?". СК пацвердзіў крымінальную справу за кліп "Pussy"

Супраць 25-гадовага жыхара Гродна Андрэя Галавенка сапраўды заведзена крымінальная справа за публікацыю кліпа “Pussy” нямецкай групы Rammstein. Пра гэта 10 красавіка паведаміў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Гродненскай вобласці Сяргей Шэршаневіч.

“Матэрыялы гэтай справы знаходзяцца на расследванні, распачатая крымінальная справа. Аднак варта адзначыць, што нават наяўнасць крымінальнай справы ў адносінах да чалавека яшчэ не робіць яго вінаватым. Гэта вырашае суд”, — сказаў ён.

 

"Нейкі абсурд. Калі б мне не паказалі, я б і не ўзгадаў пра гэты кліп"

Сам Андрэй Галавенка ў каментары Еўрарадыё зазначыў, што быў вельмі здзіўлены абвінавачваннем.

“8 красавіка мяне выклікалі ў Следчы камітэт, сказаўшы, што распачата крымінальная справа за распаўсюд парнаграфіі. Калі я запытаўся, у якасці каго, дык выявілася, што я падазраваны”, — распавядае жыхар Гродна.

Хлопец папрасіў у следчага тлумачэнняў.

“У Следчым камітэце мне паказалі вынікі экспертызы кліпа гурта Rammstein. Аказваецца, я дадаў яго на сваю старонку “ВКонтакте” яшчэ ў верасні 2014 года. Калі б мне не паказалі, дык я б і не ўзгадаў пра гэта. У мяне было шмат відэазапісаў на старонцы!”

Следчыя заявілі, што, згодна з праведзенай экспертызай, гэты музычны кліп з’яўляецца парнаграфічным, таму маладому чалавеку пагражае ад 2 да 4 год зняволення. Пасля праваахоўнікі запытваліся ў Андрэя, калі і навошта ён размясціў відэа на сваёй старонцы.

“Шчыра кажучы, я ўвогуле не памятаў пра яго. Скажу нават больш: а ці я ўвогуле глядзеў яго? — здзіўляецца хлопец. — Тым больш я не разумею, чаму да мяне ўзніклі такія пытанні і з чым гэта звязана. Праблем з законам я не меў, усё, што калісьці было, — адміністратыўныя справы па дробным хуліганстве за бойку і пераход дарогі”.

Андрэй Галавенка збіраецца звяртацца да праваабаронцаў. На думку гарадзенца, уся гэтая справа з’яўляецца “нейкім абсурдам”. “ВКонтакте” не блакуе гэтае відэа, яго свабодна можна распаўсюджваць у сацсетцы.

У сацсетках можна знайсці фота Галавенкі з лідарам “Ляпісаў” і Brutto Сяргеем Міхалком. Як прызнаецца гарадзенец, ён вялікі аматар творчасці беларускіх музыкаў і часта ходзіць на канцэрты. І ніколі не думаў, што любоў да музыкі можа прывесці да крымінальнай справы.

Больш цікавых падзей 10 красавіка ў праграме "Еўразум"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі