“Сітуацыя адкрывае Лукашэнку вялікія выгады, але любімцам ЕС ён не стане”

Даведка Еўрарадыё: Юрый Тэпер, доктар паліталогіі, спецыяліст па Расіі і постсавецкай прасторы Манчэстэрскага ўніверсітэта, эксперт Ізраільскага цэнтра вывучэння Расіі і еўразійскай прасторы.

Еўрарадыё: На Данбасе нібыта аб’явілі рэжым спынення агню, але бакі заяўляюць аб яго парушэннях. Як вы ацэньваеце імавернасць таго, што “мінскія пагадненні” будуць выконвацца?

Юрый Тэпер: У апошнія некалькі дзён мы бачым, што баёў стала менш, але сітуацыя далёка не ідэальная. Хочацца верыць, што рашэнне будзе знойдзенае ў найбліжэйшы час. Я не выключаю, што на пошук гэтага рашэння спатрэбіцца яшчэ пэўны час. Пакуль ёсць спадзяванне, што цяперашнія ўзброеныя ваенныя сутыкненні не сарвуць “мінскія пагадненні” канчаткова.

Еўрарадыё: Эксперты звяртаюць увагу на тое, што ў “мінскіх пагадненнях” непасрэдны ўдзел Расіі ў канфлікце на Данбасе ніяк не адлюстраваны. Ці азначае гэта, што Еўропа не верыць у гэта?

Юрый Тэпер: Сусветнай супольнасці цалкам зразумелая роля Расіі ў гэтым канфлікце — што яна з’яўляецца непасрэдным удзельнікам гэтай гульні. Хоць афіцыйна яна гэтага і не прызнае, але гэта ўсім зразумела. І хоць у “мінскіх дамоўленасцях” яна прысутнічае ў якасці гаранта гэтых пагадненняў, але было зразумела, што перамовы ідуць не столькі з самаабвешчанымі рэспублікамі, колькі з самой Расіяй. І гэтыя дамоўленасці вельмі выгадныя Расіі.

Еўрарадыё: Чым?

Юрый Тэпер: Трэба суадносіць з першапачатковымі мэтамі. Я думаю, што калі дамоўленасці будуць выкананыя хаця б часткова, гэта безумоўная ўдача для Расіі. Найперш яны атрымліваюць дзве фармальна незалежныя рэспублікі, якія будуць знаходзіцца ў складзе Украіны, але якія не будуць падкантрольныя Кіеву. Нягледзячы на тое, што напісана ў “мінскіх дамоўленасцях”. Цяжка ўявіць сітуацыю, пры якой дзве гэтыя рэспублікі раззброяцца і цалкам адыдуць пад суверэнітэт Украіны. У той жа час фінансавая адказнасць за гэтыя дзве рэспублікі перакладзеная на Украіну. І без таго слабы бюджэт Украіны будзе несці за іх фінансавую адказнасць пры тым, што палітычна гэтыя рэспублікі будуць заставацца рычагом у руках Расіі. І з дапамогай гэтага рычага Расія зможа дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне практычна ў любы момант. Але з пункту гледжання Еўропы, спыніць ваенныя сутыкненні — гэта таксама поспех. Галоўнае для Еўропы — спыніць ваенныя сутыкненні і не даць ім разрасціся. Яны вельмі не хочуць, каб гэты канфлікт ператварыўся ў адкрыты канфлікт паміж Расіяй і Украінай ці, што яшчэ горш, стаў і ўвогуле міжнародным.

                                       Юрый Тэпер

Еўрарадыё: Калі гэтыя дамоўленасці найперш выгадныя Расіі, то атрымліваецца, што Еўропа гатовая свае інтарэсы абараняць за кошт Украіны?

Юрый Тэпер: Сапраўды, Еўропа вельмі не хоча ўдзельнічаць у гэтым канфлікце, да прыкладу, рэальнымі пастаўкамі ўзбраенняў. Ліхаманкавыя дзеянні канцлера Германіі і прэзідэнта Францыі, калі яны спачатку паехалі ў Кіеў, потым — у Маскву, затым — хуткая арганізацыя перамоў у Мінску, былі выкліканыя разрастаннем канфлікту на Данбасе і тым, што ў ЗША пачаўся вялікі прэсінг на адміністрацыю Абамы з патрабаваннем умяшацца ў гэты канфлікт пастаўкамі ўзбраенняў. А калі б амерыканская зброя трапіла ў гэты канфлікт, сітуацыя стала б вельмі небяспечнай. Сітуацыя, калі амерыканская зброя пачынае ваяваць супраць прарасійскіх сіл і нават расійскіх салдат, была б крайне непрадказальнай. Таму Еўропа ліхаманкава пачала рабіць усё магчымае, каб гэты канфлікт спыніць ці хаця б замарозіць. А вось наколькі гэта супраць інтарэсаў Украіны — тут неадназначная сітуацыя. Цяпер Украіна і ў фінансавым, і ваенным сэнсе ў вельмі складанай сітуацыі. Палітычна кіраўніцтва Украіны не гатовае гэта прызнаць, але ім вельмі складана працягваць канфлікт і ў цяперашняй яго форме, і тым больш калі ён пашырыцца. Таму “мінскія дамоўленасці” патрэбныя і Украіне. Іншая справа, як яны будуць ажыццяўляцца — тут больш пытанняў, чым адказаў. Цяперашнія дамоўленасці — гэта толькі адпраўны пункт для наступных дамоўленасцяў і для наступнай барацьбы за імплементацыю гэтых дамоўленасцяў. Гэта толькі пачатак, у любым выпадку.

Еўрарадыё: Няўжо на думку еўрапейцаў у замарожаным канфлікце на Данбасе для Еўропы няма ніякай пагрозы? Ёсць вера, што тысячы ўзброеных людзей спакойна складуць зброю і зоймуцца мірнай працай?

Юрый Тэпер: Еўрапейцы выбіраюць меншае зло: яны спрабуюць лакалізаваць гэты канфлікт і не даць яму разрасціся. Неўмяшальніцтва ў гэты канфлікт для іх цяпер больш важнае за патэнцыйныя адмоўныя наступствы ў будучыні. Галоўнае цяпер — спыніць баявыя дзеянні, а што будзе далей, будуць разглядаць па ходзе дзеяння. Сітуацыя, калі мірна змогуць суіснаваць Украіна і дзве гэтыя рэспублікі, задаволіць і ЗША.

Еўрарадыё: А якую пазіцыю ў гэтым канфлікце займае Ізраіль?

Юрый Тэпер: Ізраіль спрабуе афіцыйна на міжнароднай арэне не займаць ніякай пазіцыі па гэтым пытанні. Для Ізраіля найпершы інтарэс — бяспека яўрэйскага насельніцтва ў самой Украіне і ў самаабвешчаных рэспубліках. Ізраіль не хоча псаваць адносіны ні з Расіяй, ні з Украінай, ні з ЗША — ён спрабуе, наколькі гэта магчыма, лавіраваць паміж усімі бакамі, спрабуючы не прымаць адназначную пазіцыю на карысць таго ці іншага боку. З пункту гледжання Ізраіля тое, што там адбываецца, — вялікая палітыка, справа вялікіх дзяржаў.

Еўрарадыё: Нават калі канфлікт замарозяць у выніку “мінскіх дамоўленасцяў”, якія наступствы ўсе гэтыя падзеі будуць мець для Расіі?

Юрый Тэпер: Нават калі мы возьмем найлепшы варыянт развіцця падзей і канфлікт так ці інакш вырашыцца і Захад адменіць санкцыі, страты для Расіі ў кожным разе будуць вялікія. Ужо ёсць вялікія іміджавыя страты і для самой Расіі, і для расійскай улады. Ужо ўсім стала зразумела, што пуцінскі рэжым небяспечны, што з ім небяспечна мець справы і яму нельга давяраць, што ад яго можна чакаць чаго заўгодна. У эканоміцы справы ў Расіі і так пасля падзення цэнаў на нафту ішлі не вельмі добра, а цяпер, пры такім іміджы расійскай улады, у Расіі ствараецца адмоўны інвестыцыйны клімат. Гэта без уліку ўсіх праблем у расійскай эканоміцы, не звязаных з замежнай палітыкай. Таму як бы далей ні развівалася сітуацыя, гэта адмоўна адаб’ецца на расійскай эканоміцы, на гатоўнасці ўкладаць грошы у расійскую эканоміку як расійскага бізнесу, так і міжнародных гульцоў.

Еўрарадыё: Эксперты не выключаюць прасоўвання “рускага міру” з яго “Градамі” і “зялёнымі чалавечкамі” ў Беларусь, Прыбалтыку, Казахстан…

Юрый Тэпер: Пра гэта можна казаць толькі тады, калі ў Расіі будзе радыкальны крызіс улады. Калі пойдзе размова аб існаванні самога рэжыму, ён можа пайсці на крайнія меры — каб перанесці агонь з унутраных праблем на вонкавы свет. Цяпер мне гэта падаецца малаімаверным. Палітычна, магчыма, будуць гуляць на “правах рускамоўнага насельніцтва”, але наўрад ці будзе перавод гэтага ў гарачую форму ўвядзення войскаў. Канфлікт ва Украіне сапсаваў імідж Расіі і на постсавецкай прасторы — мы бачылі нервовую рэакцыю на гэтыя падзеі і Лукашэнкі, і Назарбаева. Цяжка цяпер бачыць рэальную будучыню ў гэтага праекта адзінай еўразійскай прасторы, з якім так насіўся Пуцін. Цяпер і краінам-удзельнікам гэтага праекта бачна, што Расія — гэта вельмі небяспечны партнёр.

Еўрарадыё: Роля афіцыйнага Мінска ў спробах урэгуляваць канфлікт на Данбасе можа кардынальна змяніць месца Беларусі ў еўрапейскай палітыцы?

Юрый Тэпер: Тое, што было зроблена Мінскам па ўкраінскім пытанні, ператварае яго не толькі ў важнага, але і неабходнага гульца для самой Еўропы: для навядзення мастоў з Расіяй і на ўсёй прасторы Усходняй Еўропы. Ёсць вялікія шанцы на тое, што дыпламатычны статус Беларусі палепшыцца і Еўропа нават будзе гатовая на тое, каб заплюшчыць вочы на дзеянні беларускага рэжыму ўнутры краіны. Сённяшняя сітуацыя адкрывае для Лукашэнкі вялікія палітычныя і эканамічныя выгады, і ён будзе па чарзе “збліжацца” то з Еўропай, то з Расіяй. Тым не менш любімцам Еўропы Лукашэнка не стане. І пэўнае лавіраванне будзе адбывацца як з боку Лукашэнкі, так і з боку Еўрапейскага саюза. Але абдымаць і прымаць у “сваё кола” Лукашэнку не будуць, хоць збліжэнне Беларусі з Еўропай цалкам магчымае. 

Фота: з архіва Юрыя Тэпера

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі