Шушкевіч прэзентаваў у Варшаве кнігу "не-мемуараў" (фота)

Прэзентацыя выклікала значную цікавасць. Невялікая зала была цалкам запоўненая гледачамі.





Як адзначыў падчас прэзентацыі палітык, ён вырашыў напісаць кнігу як настаўленне для моладзі. "Прысвячаецца тым, каму наканавана лёсам вярнуць Беларусь у Еўропу, — беларускай моладзі. Вучыцеся на нашых памылках, не будзьце празмерна даверлівымі”, — гаворыцца ў анатацыі кнігі.





Першы кіраўнік Беларусі не лічыць сваю кнігу мемуарамі. Толькі невялікая частка выдання складаюць успаміны. Астатняе — гэта разуменне Шушкевічам таго, што такое Савецкі Саюз, у што ён трансфармаваўся і як гэта рабілася.





Не абыйшлося падчас прэзентацыі кнігі і без вострых словаў з боку Шушкевіча ў бок сваіх “апанентаў”. Дасталася галоўнаму рэдактару “Советской  Белоруссии” Паўлу Якубовічу, "у якога нічога святога няма”. Апазіцыйны дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання і журналіст Сяргей Навумчык быў названы чалавекам, які “хлусіць на кожным павароце”.





Распавёў Станіслаў Шушкевіч і некалькі цікавых гісторый. Па яго словах, бацька старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Георгія Таразевіча любіў варыць самагонку. Паколькі сын займаў высокую пасаду, міліцыя не чапала старэйшага Таразевіча.





Пасля прэзентацыі ўсе ахвотныя змаглі атрымаць аўтограф Шушкевіча і набыць кнігу. Яе, дарэчы, плануецца выдаць і на польскай мове.