Вы тут

Шушкевіч — пра Бабарыку, Цапкалу, Ціханоўскага, Чэрачня і Канапацкую

Станіслаў Шушкевіч / З архіву Еўрарадыё

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у інтэрв'ю Радыё Свабода выказаўся пра прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Яны прызначаны на 9 жніўня, а 14 ліпеня стане вядома, колькі будзе зарэгістравана кандытатаў у прэзідэнты. Палітык асуджае арышты ўдзельнікаў выбарчай кампаніі.

Сяргея Чэрачня Шушкевіч называе прыстойным, годным чалавекам. У 2018-м ён яму перадаў лідарства ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамадзе. Сітуацыю з подпісамі за вылучэнне Чэрачня кандыдадам у прэзідэнты, якіх у статыстыцы ЦВК аказалася больш, чым сабрала яго каманда, Станіслаў Шушкевіч называе "правакацыяй".

Шушкевіч не знаёмы з Віктарам Бабарыкам, але паслухаў яго выступы і ён яму "вельмі спадабаўся". Пра Валерыя Цапкалу кажа наступнае: "Гэта высокаадукаваны чалавек, але гэтую адукаванасць можна па-рознаму накіраваць. У параўнанні з Лукашэнкам ён па адукацыі геній!". Сяргея Ціханоўскага Станіслаў Шушкевіч ведае — ён браў у яго інтэрв'ю (на відэа): "Ён мне вельмі падабаўся... зрабіў добрае ўражанне". Станіслаў Станіслававіч кажа, што здзівіўся, што ў нашай краіне "ёсць такія дасведчаныя і адчайныя людзі, якія сябе не шкадуюць і змагаюцца за праўду".

А вось меркаванне пра Ганну Канапацкую ў Шушкевіча памянялася: раней ёй спачуваў, а цяпер у яго "няма прыстойнага слова, каб яе ахарактарызаваць".

Станіслаў Шушкевіч чакае вынікаў рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. "[Улада] будзе выбіраць такі сродак, каб Лукашэнку абраць пераважнай большасцю, — кажа ён. — А відавочна абсалютна, што ані пра якую ягоную большасць сёння нельга гаварыць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.