Шуневіч: Некаторыя міліцыянты спрабуюць падмануць дэтэктар хлусні

Да праверкі на дэтэктары хлусні большасць супрацоўнікаў міліцыі ставяцца абсалютна спакойна. Пра гэта міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў у інтэрв'ю БЕЛТА.

Праўда, міністр удакладніў, што не ўсе ўспрымаюць праверку на паліграфе спакойна. "Сустракаюцца і тыя, хто імкнецца ўхіліцца ад даследаванняў або спрабуе падмануць дэтэктар хлусні", — канстатаваў Шуневіч. Ён дадаў, што такі метад кантролю ў МУС ужо не новы. Яшчэ паўтара года таму паліграф сталі ўжываць пры прызначэнні ўсіх кіраўнікоў у сістэме МУС, пачынаючы ад начальніка аддзела.

Міністр лічыць неабходным кантраляваць чысціню кадраў глыбока і сістэмна. Па яго словах, у МУС навучыліся змагацца са злачынцамі, а вось супрацьстаяць парушальнікам закона ўнутры ведамства тут яшчэ вучацца. Ёе паабяцаў, што праца па самаачышчэнні ў МУС будзе працягвацца. 

Раней паведамлялася, што праверкі на паліграфе пачаліся ў МУС пасля таго, як п'яны кіраўнік Баранавіцкай ДАІ Андрэй Валкавыцкі насмерць збіў жанчыну на пешаходным пераходзе. Даішнік быў не ў форме, не пры выкананні службовых абавязкаў і ехаў на ўласным аўто. 

Дарэчы, суд над Валкавыцкім пачнецца заўтра, 28 лютага, у судзе Ляхавіцкага раёна.